ПАРЕ заклікае не запускаць Астравецкую АЭС

ПАРЕ заклікае не запускаць Астравецкую АЭС

Парламенцкая Асамблея Рады Еўропы (ПАРЕ) ў рэзалюцыі ад 10 кастрычніка 2018 года, заклікае беларускія улады не выдаваць эксплуатацыйную ліцэнзію Астравецкай АЭС да таго часу, пакуль не будзе палепшаная бяспека станцыі і не будуць пройдзеныя ўсе патрэбныя стрэс-тэсты.

ПАРЕ выказала шкадаванне ў сувязі з адсутнасцю павагі да міжнародных ядзерных стандартаў бяспекі з боку беларускіх уладаў і выказала занепакоенасць наконт буйных інцыдэнтаў на будаўнічай пляцоўцы (двойчы быў пашкоджаны адзін з рэактараў. — Еўрарадыё).

Парламенцкая асамблея просіць не запускаць электрастанцыю ​​да таго часу, пакуль не будзе выкананы шэраг умоў:

1. У поўнай меры рэалізаваць рэкамендацыі экспертнай справаздачы Еўрапейскай групы па бяспецы ядзерных рэактараў (ENSREG) наконт беларускага стрэс-тэсту;

2. Праверыць сейсмічную стойкасць сістэмы бяспекі і басейна адпрацаванага паліва;

3. Узмацніць абарону рэактараў Астравецкай АЭС ад падзення цяжкага камерцыйнага самалёта (як гэта было зроблена ў Фінляндыі);

4. Палепшыць сістэму паведамлення аб інцыдэнтах. Трэба заключыць дамовы са службамі надзвычайных сітуацый суседніх краін, у прыватнасці, з Літвой. Як прыклад, прыводзіцца пратакол Мелк (Melc) аб атамнай электрастанцыі ў Тэмеліне, на мяжы паміж Аўстрыяй і Чэхіяй;

5. Ацэнка Астравецкай пляцоўкі павінна быць праведзеная цалкам ў адпаведнасці з міжнароднымі патрабаваннямі, уключаючы Канвенцыю аб ядзернай бяспецы, Канвенцыю аб ацэнцы ўздзеяння на навакольнае асяроддзе ў трансгранічным кантэксце ( "Канвенцыя Эспа") Еўрапейскай эканамічнай камісіі Арганізацыі Аб'яднаных Нацый (ЕЭК ААН). Прыняцце правілаў Орхускай канвенцыі, а таксама комплексная ацэнка місіяй Міжнароднага агенцтва па атамнай энергіі (МАГАТЭ) пляцоўкі, на якой размяшчаецца атамная электрастанцыя;

Будаўніцтва АЭС адзначылася шэрагам інцыдэнтаў у 2016 годзе. Спачатку ў СМІ з’явілася інфармацыя пра абвал будаўнічых канструкцый, затым у ліпені пры падзенні з вышыні загінуў адзін з мантажнікаў, а меней чым праз два тыдні грамадзянскія актывісты паведамілі пра падзенне корпуса рэактара першага энергаблока. Кампанія-падрадчык замяніла корпус, аднак потым пры транспарціроўцы ён зачапіў слуп. Ядзернае паліва плануюць завезці на Беларускую АЭС у снежні гэтага года. Першы энергаблок плануюць запусціць ў 2019 годзе.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі