Парэчкі па цане годжы: фермеры шакаваныя цэнамі на ягады ў гіпермаркетах
Можа, мы проста недаацэньвалі парэчкі? / pixabay
Раней беларусы ведалі, што парэчкі бываюць чырвоныя і чорныя. Сёлета яны даведаліся, што яны бываюць яшчэ і дарагія.
У сацсетках апублікавалі фота, зробленае ў адным з гіпермаркетаў. Мяркуючы па цэнніку на здымку, за кілаграм парэчак рытэйлер прасіў 20 беларускіх рублёў! Карэспандэнтка Еўрарадыё вырашыла высветліць, у чым сакрэт такога цэнаўтварэння на традыцыйна адны з самых танных беларускіх ягад.
"А пачым у вас у Мінску?"
Мы патэлефанавалі ў адну з гаспадарак у Мінскай вобласці, каб даведацца, чаму цэны на парэчкі набліжаюцца да цэн на ягады годжы.
Тут парэчкі оптам прадаюць па тры рублі за кілаграм. Цэннік у дваццаць рублёў вытворцу і здзівіў, і азадачыў. Ён прызнае, што гэта ўжо "канчатковая цана", вышэй складана сабе ўявіць.
У цэлым жа павышаныя цэны на гэтыя беларускія ягады тлумачыць зацяжной вясной і цікавасцю з боку расійскага пакупніка.
— Сёлета была халодная вясна, ягады выспелі пазней. Чорныя парэчкі мы экспартуем у Расію. Там збор гэтых ягад пачынаецца яшчэ пазней, а рынак патрабуе ўжо цяпер. Вось і склалася падвышаная цана, у тым ліку для Беларусі. Калі ў Расіі выспее свая парэчка, цана ўпадзе і ў Беларусі, — расказаў Еўрарадыё прадстаўнік гаспадаркі Андрэй Уладзіміравіч.
Ці шмат просяць прадаўцы, якія ставяць цэннік у 20 рублёў за кілаграм парэчак? Наш суразмоўнік прызнае — шмат.
Мы пацікавіліся, ці складана вырасціць гэтыя ягады? Можа, пакупнік проста недаацэньвае ўкладанняў, якія патрабуюць парэчкавыя кусты?
— Што трэба, каб вырасціць буйныя ягады? Штогадовая абрэзка, падкормка, па меры неабходнасці — абарона ад хвароб. У цэлым чорныя парэчкі не асабліва пераборлівыя.
Гэта не простыя, а "каралеўскія" ягады
Такім чынам, у гіпермаркетах парэчкі дарагія. А ў шклянках — вельмі дарагія. Але гэтаму правілу рынку ўжо ніхто не здзіўляецца.
— У мяне шклянка чорных парэчак каштуе тры рублі, чырвоных — два рублі. Чаму дорага? Гэтая вясна была халодная, і парэчкі практычна не ўрадзіліся. Сёлета ягад амаль няма, — расказвае нам адзін з прадаўцоў.
Па цане шклянкі парэчак можна купіць шклянку маліны: за яе таксама просяць тры рублі. Калі прагуляцца ўздоўж шэрагаў, можна знайсці парэчкі і за пяць рублёў. Праўда, тут цану тлумачаць не халоднай вясной, а сортам — "каралеўскі". Калі пакупнік адмаўляецца ад дарагіх ягад, прадавец прапануе старгавацца на 3,5 рубля.
Цэны Камароўкі пазнаюцца ў параўнанні. З аднаго боку, шклянка ажын каштуе і таго даражэй — восем рублёў. Затое на суседнім шэрагу за пяць рублёў можна купіць кілаграм чарэшняў.
Мы знайшлі для вас выгадную прапанову
Калі дэфіцыт на ягады справакаваў у вас рост апетыту на іх жа, адпраўляйцеся па дапамогу да суседзяў у дамавых чатах. Дачнікі прапануюць вам ягады зусім па іншых цэнах.
Мы патэлефанавалі па адной з такіх прапаноў, у якой пяць літраў буйных чорных парэчак прапаноўвалі аддаць за 17 рублёў. Наша суразмоўніца, якая назвалася Тамарай (імя змененае), прызнала: цэны ў гіпермаркетах і нават на Камароўцы дзівяць яе саму.
— Я сама многае купляю на Камароўцы. Але цяпер з цэнамі на некаторыя ягады адбываецца нешта неймавернае. І не магу сказаць, што парэчкі сёлета не ўрадзіліся. Прынамсі, у мяне з ураджаем усё добра. Муж іх даглядае, праблем не было.
Тамару дзівяць не толькі цэны на парэчкі.
— Мы з мужам заехалі ў адзін з гіпермаркетаў і паглядзелі цану на буякі. Так, яны прадаюцца ў акуратных каробачках. Але калі паглядзець на кошт кілаграма, выходзіць каля сарака рублёў! Муж за галаву схапіўся. У нас на дачы свае буякі, і мы б не падумалі прадаваць іх за такія грошы. Я разумею, што гэта нацэнкі за працу праз пасярэднікаў, і ўсё роўна гэта неймаверна дорага.
Бабуля на рынках за такія шалёныя цэны, як гіпермаркеты, ягады прадаваць не будзе. Яна паглядзіць, што людзі не бяруць, дый скіне цану.
Ёсць і абаронцы дарагіх ягад. Яны запэўніваюць, што гарадскія жыхары проста не цэняць фермерскай працы і не ведаюць, колькі трэба часу, каб назбіраць шклянку ягад.
Тамара прызнаецца, што сваё пяцілітровае вядзерца чорных парэчак сабрала за сорак хвілін.
— Праблема парэчак у тым, што яны не спеюць цэлым кустом. Пераходзіш ад куста да куста, шукаеш самыя спелыя ягады. Але ў мяне ўмовы камфортныя: я стаўлю ля гэтай парэчкі крэсельца, саджуся ў цень і збіраю.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.