Павел Севярынец "знайшоўся" ў турме ў Гродне
Павел Севярынец / Еўрарадыё, архіўнае фота
Павел Севярынец "знайшоўся" ў гродзенскай турме. Пра гэта ў Фэйсбуку напісала ягоная жонка Вольга.
"Нічога не ведаем пра тое, як прайшоў этап ад Шклова і як сам Паша, але ён жывы, гэта галоўнае. Вялікі дзякуй тым, хто гэтыя дні перажываў разам з намі і маліўся. Лісты не ад родных, хутчэй за ўсё, даходзіць не будуць, але адрас напішу: 230023, Гродна, турма №1, вул. Кірава, 1, камера 16", — паведаміла жонка палітвязня.
Павел Севярынец быў затрыманы яшчэ да прэзідэнцкіх выбараў 2020 года. У траўні 2021-га яго асудзілі на 7 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму, абвінаваціўшы ў "падрыхтоўцы масавых беспарадкаў".
Севярынец адбываў тэрмін у шклоўскай калоніі. 21 чэрвеня там над ім адбыўся суд, які перавёў палітвязня на тры гады на турэмны рэжым. Пасля гэтага родныя былі страцілі сувязь з Паўлам.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.