Адваката палітвязняў Статкевіча і Казлова хочуць пазбавіць ліцэнзіі
Адваката палітвязняў Мікалая Статкевіча і Дзмітрыя Казлова (відэаблогер Шэры Кот) Уладзіміра Сазанчука хочуць пазбавіць ліцэнзіі. "Дысцыплінарная камісія [Мінскай гарадской калегіі адвакатаў] пастанавіла прызнаць, што адвакат адмовіўся даць следчаму органу падпіску аб неразгалошванні даных папярэдняга следства, і тым самым парушыў права на абарону блогера Казлова", — сказаў ён mediazona.by.
Рашэнне зацвярджаецца Саветам гарадской калегіі адвакатаў, і гэта вядзе да пазбаўлення ліцэнзіі.
Статкевіч знаходзіцца за кратамі з 31 траўня 2020-га, Казлоў — з 10 чэрвеня мінулага года. Іх абвінавачваюць у "падрыхтоўцы дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак" (так званая "справа Ціханоўскага").
Гэта не першае пазбаўленне ліцэнзіі адвакатаў палітвязняў у Беларусі ў гэтым годзе. У лютым стала вядома, што кваліфікацыйная камісія пры Мінюсце прыняла такое рашэнне ў дачыненні адвакаткі Марыі Калеснікавай Людмілы Казак, а таксама Міхаіла Кірылюка, Канстанціна Міхеля і Максіма Конана. Раней быў пазбаўлены ліцэнзіі адвакат Аляксандр Пыльчанка, які абараняў інтарэсы Марыі Калеснікавай і Віктара Бабарыкі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.