Пераехаць на працу ў Германію будзе прасцей — шукаць працу дазволяць і турыстам
Бундэстаг / pixabay.com
Нямецкі бундэстаг сёння мае намер прыняць папраўкі ў дзейны іміграцыйны закон. У выніку пераехаць на працу ў Германію будзе нашмат прасцей, піша DW.
Згодна з гэтымі папраўкамі, грамадзяне, якія прыехалі ў ФРГ па турыстычнай візе і змаглі знайсці там працу, будуць працаўладкаваныя. Умова толькі адна — адпаведная кваліфікацыя. Пры гэтым патрабаванні да ўзроўню кваліфікацыі прыкметна зніжаныя. Памякчэлі ўмовы і для працаўнікоў, якія прэтэндуюць на Blue Card, — зніжаны памер заробку, неабходны для атрымання "блакітнай карты". Цяпер мінімум будзе складаць 3500 еўра ў месяц. Акрамя таго, неабавязкова будзе загадзя праходзіць працэдуру прызнання дыпломаў. Гэта можна будзе зрабіць і постфактум. Больш за тое, працаваць можна будзе і не паводле першапачатковай спецыяльнасці.
Акрамя Blue Card з'яўляецца яшчэ і "карта шанцаў". На яе змогуць прэтэндаваць грамадзяне з краін, якія не ўваходзяць у ЕС. Выдаваць яе будуць тым, каго лічаць перспектыўнымі. Пры гэтым мець прапанову на працу ад нямецкай фірмы на момант падачы дакументаў неабавязкова.
Паводле звестак нямецкага ўрада, працоўны рынак Германіі адчувае дэфіцыт працоўнай сілы. Каб яго закрыць, трэба да 400 тысяч чалавек з-за мяжы ў год. Цяперашняя лібералізацыя іміграцыйнага заканадаўства дазволіць павялічыць колькасць працоўных мігрантаў на 60 тысяч чалавек у год.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.