"Першая хваля — дзіцячы лепет": рытуальныя агенцтвы пра COVID-19

Работы ў рытуальных агенцтваў стала ў разы больш / Еўрарадыё
Работы ў рытуальных агенцтваў стала ў разы больш / Еўрарадыё

Па афіцыйных звестках, кожныя суткі ад каранавіруса ў Беларусі памірае 7-9 чалавек. Неафіцыйныя крыніцы называюць гэтыя лічбы моцна заніжанымі. Ды і калі пагутарыць з супрацоўнікамі рытуальных агенцтваў, складваецца ўражанне, што "кавідных" смерцяў у краіне вельмі шмат, хоць у пасведчаннях пазначаецца, як правіла, зусім іншая прычына.

Мы пагаварылі з прадстаўнікамі рытуальных службаў, каб даведацца, як яны працуюць падчас другой хвалі каранавіруса.
 

У моргу мінскай бальніцы №9 — 120 трупаў

— Работы стала ў разы больш. Першая хваля — гэта быў дзіцячы лепет, але страху было больш. Цяпер ужо ўсе прывыклі, — расказвае работнік аднаго з мінскіх рытуальных бюро Генадзь. — У прынцыпе, кожны дзень даводзіцца хаваць з каранавірусам. Рэч у тым, што ў даведцы пра смерць не пазначаюць, што гэта COVID-19.

Суразмоўнік адзначае, што пажылыя людзі паміраюць часцей, асабліва з хранічнымі хваробамі, але бываюць і маладыя.

“Первая волна — детский лепет”: ритуальные агентства о COVID-19
У моргу 9-й бальніцы ў большасці памерлых быў COVID-19 / Еўрарадыё

— Улетку было цішэй. Цяпер самы яскравы прыклад — морг у бальніцы №9, дзе больш за ўсё нябожчыкаў, у якіх быў каранавірус. Хлопцы, якія працуюць у моргу, кажуць, што ў дзень там праходзіць 20-30 чалавек. А некалькі дзён таму там было 120 чалавек — рэкорд. І практычна ўсе кавідныя.

У першую хвалю памерлых ад каранавіруса хавалі ў закрытых трунах. Цяпер часцей у адкрытых, паколькі на рынку рытуальных паслуг з'явілася новая — дэзынфекцыя цела. Але Генадзь ставіцца да яе скептычна.

— Гэта падрыхтоўка цела з дэзынфекцыяй ад каранавіруса каштуе прыстойных грошай. Ад 250 да 300 рублёў. Пры гэтым падрыхтаваць цела звычайнага чалавека каштуе 150 рублёў. Па-мойму, людзей проста выстаўляюць на грошы. Усё гэта казкі. Спецыялісты, якія працуюць у моргах, сцвярджаюць, што мёртвы ўжо не заразны. Заразныя тыя, хто дыхае, кашляе, размаўляе.

Генадзь падкрэслівае, што працаваць з памерлымі не страшна. Іх жывыя сваякі становяць большую пагрозу для супрацоўнікаў рытуальнага бюро. Але людзі значна радзей заказваюць памінкі.

— Такіх каля 20 адсоткаў. Мы і самі рэкамендуем гэтага не рабіць, таму што вялікае зборышча людзей — гэта ўсё ж лішняе.

Суразмоўнік кажа, апошнім часам стала прыкметна, што людзі моцна пабяднелі.

— Калі яшчэ год таму людзі маглі дазволіць для сваіх сваякоў нешта больш дарагое, то ўжо не да пацераў. Сёння абы пахаваць.
 

За месяц 900 заявак у крэматорый

Яўген з яшчэ аднаго мінскага рытуальнага бюро кажа, што ўся сфера загружаная работай.

— У крэматорыі норма — 600 заявак, а за мінулы месяц іх было 900. З тымі, хто памёр ад каранавіруса, даводзіцца працаваць кожны дзень. У нас па адным целе ў дзень. Але гэта толькі ў нас, а агенцтваў шмат. Першая хваля каранавіруса, вядома, не была такая загружаная, як другая.

— Людзей стала паміраць больш, але сваякі сталі асцярожнейшыя. Літаральна тыдзень таму 30-40 адсоткаў са 100 адсоткаў былі з COVID-19. Цяпер крыху менш, — кажа работнік іншага пахавальнага бюро ў Мінску. — У крэматорыях усё стэрыльна, залы апрацоўваюцца. Мы ходзім у спецыяльных касцюмах. Вядома, становіцца больш расходаў на тое, каб былі маскі, пальчаткі, касцюмы. Здароўе перш за ўсё.

“Первая волна — детский лепет”: ритуальные агентства о COVID-19
Выдаткі рытуальных службаў выраслі праз закупкі сродкаў аховы / Еўрарадыё

У агенцтве з Гродзенскай вобласці паведамляюць, што ў першую хвалю каранавіруса хавалі прыкладна аднаго чалавека ў тыдзень. Цяпер — па тры.

— Больш паміраюць мужчыны, старэйшыя за 50 гадоў. Вельмі рэдка маладыя. Учора мы хавалі "кавід". Сваякі на могілках развіталіся, і ўсё. Бывае, на памінальны абед ездзяць. У першую хвалю было страшней, цяпер ужо неяк звыкла, — адзначаюць у рытуальным агенцтве.
 

З грамадскага харчавання ў рытуальныя паслугі

Адной з самых пацярпелых ад каранавіруса сфер стала грамадскае харчаванне. Мы пагутарылі з прадстаўніком галіны, які ў першую хвалю COVID-19 перайшоў працаваць у рытуальныя паслугі ў Брэсцкай вобласці.

Міхаілу 25 гадоў. Гледзячы на яго, можна падумаць, што стыль і пафас — гэта яго стыхія. Яго вобраз нашмат прасцей увязаць з вечарынамі і моднымі крамамі, чым з рытуальнымі паслугамі, але ў каранавірус выбар работ быў невялікі.

— У майго бацькі свая кантора рытуальных паслуг. Я падпрацоўваў у яго і да каранавіруса. Да пандэміі я год працаваў афіцыянтам. Усё было добра. Потым гасцей стала мала. Не было ніякага заробку. Таму ў траўні я прыйшоў у рытуальныя паслугі, — расказвае Міхаіл.

Па словах хлопца, у пандэмію людзей стала паміраць у два разы больш. Улетку быў спад, а цяпер усё адкацілася да вясновага стану.

— Колькі "кавідных", не заўсёды зразумела. Гэтага не пісалася ў пасведчанні аб смерці. Затое людзей увесну хавалі ў пакетах. У труне, вядома, але ў пакеце. Так было з тымі, у каго падазраваўся кавід, — дзесьці з 70 адсоткамі.

Міхаіл займаўся афармленнем дакументаў, капаў магілы, выносіў памерлых. За дзень можна было зарабіць 160 рублёў. У грамадскім харчаванні ў першую хвалю пра такія грошы і гаворкі не ішло. Папрацаваць, праўда, трэба было шмат.

"Быць святаром — гэта рэальна бізнес"

— На гэтыя грошы трэба было выкапаць і закапаць дзве магілы і зрабіць тры вынасы. Вось быць святаром — гэта рэальна бізнес. За адпяванне яны бяруць 100 рублёў.

Бывала такое, што святары адмаўляліся ехаць на пахаванне, таму што баяліся COVID-19.

— У каранавірус нават прасцей стала працаваць. Ніякіх памінак. Усё ў спакойным рэжыме рабілася. Людзі адэкватна рэагавалі, не збіраліся. Усе меры засцярогі былі выкананыя. Нават з боку царквы. Святары былі абсалютна ўсе ў масках і адпявалі толькі на могілках у цёплы час.

Цяпер Міхаіл зноў у грамадскім харчаванні, але справы там яшчэ горшыя, чым увесну.

— Наогул працаваць у рытуальных паслугах — спакойна. Да гэтага прывыкаеш і перастаеш успрымаць смерць так, як успрымаў яе да гэтага. Гэта проста праца. Але цяпер зіма, а я не магу пераносіць халады, таму ў рытуальныя паслугі пакуль дакладна не збіраюся, — заключае Міхаіл.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі