Пінскага ўладальніка YouTube-канала падазраюць у вымагальніцтве і "экстрэмізме"
Затрыманне пінчука
Байцы ГУБАЗіК затрымалі 52-гадовага жыхара Пінскага раёна, якога раней судзілі за абразу прадстаўніка ўлады, паведамляе прэс-служба МУС.
У міліцыі заяўляюць, быццам мужчына як уладальнік YouTube-канала "сістэматычна займаўся вымагальніцтвам у прадпрымальнікаў, пагражаючы іх абгаварыць". Па словах міліцыянтаў, пінчук здымаў паўнавартасныя матэрыялы пра бізнэсоўцаў, "цынічна выкарыстоўваючы лжывую інфармацыю". А потым, "пагражаючы іх публікацыяй, вымушаў ахвяр выплачваць грошы і аддаваць каштоўнасці". Нібыта ягонымі ахвярамі сталі тры жыхары Столінскага раёна.
Па словах прадстаўніка ГУБАЗіК, затрыманы мужчына садзейнічаў "экстрэмісцкаму" тэлеграм-каналу: "Ён сістэматычна праводзіў дыскрэдытацыю, збор кампраметуючай інфармацыі аб дзяржаўных органах улады, спрабаваў працаўладкавацца ў экстрэмісцкія інтэрнэт-крыніцы".
На пінчука пачалі крымінальныя справы за вымагальніцтва, паклёп на Лукашэнку і садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці.
На відэазапісе МУС выява затрыманага мужчыны спецыяльна размытая. Але на адным з кадраў бачная фігура чалавека з нацыянальным бел-чырвона-белым сцягам.
Як сцвярджаюць брэсцкія праваабаронцы "Вясны", гаворка ідзе пра палітвязня Аляксандра Ігнацюка. Мужчына ўжо восем перабывае за кратамі — яго затрымалі ў ліпені 2023-га. Ён рабіў праект "Пра Столін".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.