Платныя пераздачы ўводзяць у БДУ нягледзячы на пратэст студэнтаў
Супраць платных пераздач і адпрацовак у БДУ выказваецца адразу 2,5 тысячы студэнтаў. Столькі подпісаў пад петыцыяй да рэктара ўдалося сабраць за тыдзень. БДУ вырашыў увесці платныя пераздачы з другога лістапада, каб было як у іншых універсітэтах. Пра гэта выказаліся прадстаўнікі адміністрацыі.
"Ёсць небяспека, што будуць прыходзіць разнарадкі: адправіць, напрыклад, пяць чалавек на пераздачу, каб заплацілі", ― расказвае адзін з ініцыятараў падачы петыцыі студэнт другога курса Ілля.
11 лістапада студэнты рушылі ў рэктарат БДУ, каб падаць петыцыю, пад якой падпісалася 2,5 тысячы студэнтаў. Санкцый не баяцца, бо "усё ў межах закона".
"Мы скіраваныя на дыялог з рэктаратам, бо нас не спыталі. Афіцыйныя прафсаюзы таксама нічога не зрабілі, наадварот ― тлумачылі нам, што гэта добра", ― падкрэслівае іншы студэнт 3 курса.
Петыцыю у студэнтаў прымаюць і абяцаюць хутка адказаць. А праз дзень БДУ усё ж зацвярджае аплату за пераздачы загадам рэктара ад 12 лістапада. Плаціць давядзецца з 1 студзеня 2016.
"З мэтай павышэння вучэбнай дысцыпліны, адказнасці студэнтаў, такое становішча ўведзенае і ў БДУ. Цяпер студэнтам, якія дапусцілі акадэмічную запазычанасць, у тым ліку, у выпадках няяўкі без паважных прычын на экзамен ці залік, неабходна будзе аплаціць паўторную здачу", ― гаворыцца ў заяве адміністрацыі БДУ.
Як гэта працуе ў іншых ВНУ
Платныя адпрацоўкі і пераздачы ва ўніверсітэтах пачалі ўводзіць сем гадоў таму. БДУ заставаўся адной з апошніх ВНУ, дзе за пропускі і пераздачы не трэба было плаціць.
Пераздаць іспыт прафесару ва Універсітэце інфарматыкі і радыёэлектронікі сёння каштуе 22 800, кандыдату навук — 20 тысяч, выкладчыку без навуковай ступені — 19 тысяч. Паўторна лабараторную працу доктар навук прымае за 57 тысяч за гадзіну, выкладчык без ступені ― за 48 тысяч.
"Гэта не шмат грошаў было. З пропускамі прасцей. У асноўным плацілі за пераздачу экзаменаў і лабараторных. За сесію магло быць пара лабараторных, і пару экзаменаў. Недзе каля 200 тысяч было за адну сесію. Аднойчы ва ўсёй групы не прынялі пяць лабараторных", ― апісвае былы студэнт БДУІР Ягор.
Адна гадзіна лабараторнай цяпер каштуе 48 тысяч, калі выкладчык без ступені. Значыць, пяць лабараторных для аднаго чалавека ― 480 тысяч. А для групы ў 20 чалавек ― 9,6 мільёна!
Колькі з пераздачы мае выкладчык
Прамой залежнасці паміж платай за пераздачу і заробкам выкладчыка няма. Але ён усё ж закладаецца ў кошт. Пасля гэта ўскосным чынам уплывае на яго заробак.
"У калькуляцыі ёсць усе элементы, якія фармуюць сабекошт. Выкладчык атрымлівае заробак па сваіх тарыфах, па сваіх гадзінах", ― тлумачаць у Мінадукацыі.
Але на справе выкладчыкі не бачаць розніцы ў сваіх разліковых за пераздачы.
"Выкладчыкі ў гэтым не зацікаўленыя. Адпрацоўкі прымяняюць, калі студэнт ужо зусім дрэнна сябе паводзіць", ― апісвае выкладчык з Тэхналагічнага ўніверсітэта Сяргей.
На сёння ў БДУ 29 тысяч студэнтаў, якіх крануцца змены.
На галоўным фота студэнты падаюць петыцыю ў рэктарат.