Польскі МЗС пра Беларусь: Мала заправак і невысокі ўзровень гатэляў

Даведнік “Бяспечны адпачынак” распавядае пра турызм у розных краінах. У раздзеле, прысвечаным Беларусі, ёсць некалькі цікавых заўваг.

"Пагроза інфекцыйных захворванняў, такіх як дыфтэрыя (асабліва ўлетку), грыпу (у зімовы час) і венерычных захворванняў досыць вялікая. Узровень лячэння ніжэйшы, чым у Польшчы, могуць узнікнуць праблемы з наяўнасцю спецыялізаваных лекаў. Лепш карыстацца паслугамі прыватных клінік і стаматалагічных кабінетаў, якія маюць вышэйшы ўзровень абсталявання”, — так апісваецца медычнае абслугоўванне ў нашай краіне.

Калі гаварыць пра месцы, дзе можна спыніцца, то гатэляў у Беларусі не шмат, ды і ўзровень іх нізкі, за выключэннем некаторых прэзентабельных гасцініц у Мінску і правінцыі, паведамляе дапаможнік:

“Цэны для замежнікаў нашмат вышэйшыя, чым для грамадзян Беларусі, варта чакаць кошт у памеры 70-80 долараў за суткі ў Мінску і каля 60 долараў у невялікіх гарадах. Турыстычная і гастранамічная інфраструктура ў правінцыі практычна не існуе”.

Наконт гастраноміі, дарэчы, ёсць асобныя рэкамендацыі. Згодна з якімі, лепш не набываць мяса, малочныя прадукты і рыбу ў невялікіх дзяржаўных крамах і на міні-рынках, дзе “прынцыпы гігіены дрэнна выконваюцца”:

“Гандлёвая сетка слаба развітая, за выключэннем Мінска і некаторых гарадоў, дзе ёсць некалькі гіпермаркетаў. На поўдні краіны трэба пазбягаць ужывання мясцовых прадуктаў з-за радыеактыўнай пагрозы — на некаторых забруджаных тэрыторыях дагэтуль вядзецца сельская гаспадарка”.

З іншых нараканняў: магчымыя складанасці з запраўкай, звязаныя з вялікай адлегласцю паміж станцыямі і наяўнасцю бензіна АІ-98 толькі на нешматлікіх з іх. Увогуле ж палякі могуць разлічваць на цёплае і добрае стаўленне з боку беларусаў і разлічваць на лёгкі кантакт, бо шмат хто з тутэйшых карыстаецца ламанай польскай, гаворыцца ў тэксце. І дадаецца, што камунікацыя на ангельскай хутчэй немагчымая, нават у вялікіх гарадах.

Таксама палякам трэба быць гатовымі да бюракратыі і чэргаў падчас атрымання рэгістрацыі. І не забываць, што хабар інспектару ДАІ можа пацягнуць жорсткае пакаранне. Калі верыць парадам МЗС, то сітуацыя ў суседняй Украіне іншая, бо тут “магчымыя спробы супрацоўнікаў ДАІ атрымаць грошы ад польскіх грамадзян без дакументавання гэтага факту”.

Цікава, што Консульскі дэпартамент МЗС Расіі таксама падрыхтаваў тэкст для сваіх грамадзян, якія збіраюцца прыехаць у Беларусь. Які, праўда, у адрозненне ад працы польскіх дыпламатаў, не мае такіх падрабязных апісанняў, але і ў ім закранаецца праблема працы харчовых і прамтаварных крамаў у Беларусі:

“Гадзіны працы мясцовых прадуктовых і прамтаварных магазінаў супастаўныя з расійскімі. Разам з тым у краіне практычна адсутнічаюць харчовыя крамы кругласутачнага гандлю. У Мінску няма харчовых гандлёвых намётаў (кіёскаў)”.

Прыгадаем, што згодна з Белстатам, летась Беларусь наведалі 118 тысяч арганізаваных турыстаў. Прычым больш за 94 тысяч з іх — расіяне. А агульная колькасць турыстаў з Польшчы, Германіі, Латвіі, Літвы, Вялікабрытаніі і Турцыі склала крыху больш за 14 тысяч чалавек.

polishclub.org

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі