Польскі сейм ухваліў надзвычайнае становішча на мяжы з Беларуссю
6 верасня дэпутаты польскага сейма ўхвалілі ўвядзенне надзвычайнага становішча на мяжы з Беларуссю. Гэты рэжым будзе дзейнічаць 30 дзён.
У пятніцу, 3 верасня, распараджэнне пра надзвычайнае становішча падпісаў прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда. Сейм большасцю галасоў ухваліў яго: праціўнікам гэтай меры не ўдалося набраць неабходную колькасць галасоў.
Надзвычайнае становішча закранае 115 населеных пунктаў Падляскага ваяводства і 68 — Люблінскага. Углыбіню тэрыторыі яно дзейнічае на тры кіламетры.
Прычынай польскія ўлады называюць міграцыйны крызіс на мяжы з Беларуссю. На працягу апошніх месяцаў з тэрыторыі нашай краіны ў Еўрасаюз масава ідуць мігранты з Блізкага Усходу.
Другой прычынай міністр унутраных спраў і адміністрацыі Польшчы Марыюш Каміньскі назваў сумесныя беларуска-расійскія стратэгічныя вайсковыя вучэнні "Захад-2021".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.