ПрагноZы: як расійская прапаганда ганьбуе сябе сваімі "інсайдамі"
"Прагнозы" расійскіх прапагандыстаў менш дакладныя, чым гараскопы / калаж Улада Рубанава, Еўрарадыё
Прапагандысты, адчуваючы сябе ў бяспецы (часова), займаюць самую "ястрабіную" пазіцыю па вайне ва Украіне. Яны шчыра здзіўляюцца таму, навошта весці перамовы і чаму яшчэ не ўзяты Кіеў. І даюць прагнозы і "інсайды", якія абвяшчаюць пра "перамогу", якая амаль што надышла. Праўда, калі, што называецца, "сачыць за рукамі", атрымліваецца нават смешна.
"Узялі" Марыупаль... некалькі разоў
Адным з галоўных рупараў расійскай прапаганды адразу пасля пачатку вайны нечакана стаў праект Readovka. Некалі гэта было рэгіянальнае выданне са Смаленскай вобласці, цяпер жа ў яго амаль мільён падпісчыкаў у тэлеграме, а трафік на сайце вырас у некалькі разоў. І яны не саромеюцца даваць свае ўнікальныя прагнозы. Напрыклад, пра "ўзяцце" Марыупаля. Увага:
Потым Падаляка пайшоў яшчэ далей: 1 красавіка паведамляў, што "Кіеў могуць узяць" — і яго словы не былі падобныя да першакрасавіцкага жарту.
ВПС і ППА то знікаюць, то з'яўляюцца
Расійскія прапагандысты хорам у першыя дні вайны паведамлялі пра вялікую "перамогу" і панаванне расійскіх сіл у паветры.
Напрыклад, супрацоўнік УДТРК Андрэй Мядзведзеў пісаў у сваім тэлеграм-канале 24 лютага:
"ППА Украіны больш не існуе. То-бок увогуле. Што не адпрацавалі крылатыя ракеты ў першай жа хвалі, знішчыла авіяцыя. З аднаго заходу. Па далёкіх аэрадромах дапрацуюць "Іскандэры", зыходзячы з логікі сучаснай вайны. І вось мы ж пісалі не раз і не два. Аператары ППА, "Байрактараў" будуць асноўнымі цэлямі. Так і выйшла".
Чаму нават пасля "знішчэння ППА" Украіна працягвае збіваць расійскую авіяцыю і паспяхова карыстацца "Байрактарамі", Мядзведзеў пазней не ўдакладняў.
6 сакавіка Мінабароны РФ, а за ім і статак прапагандыстаў (напрыклад, той жа Падаляка) паведамілі пра тое, што цяпер Украіна не мае і ваенна-паветраных сіл. Але ўжо 1 красавіка ўсе яны пачалі вінаваціць украінскія ж ВПС ва ўдарах па нафтабазе ў Белгарадзе — як і ў наступныя дні. Пра тое, як можна наносіць удары з паветра, калі ў цябе няма ВПС, ніхто не тлумачыць.
Займальныя і падлікі прапагандыстаў колькасці ўкраінскіх беспілотнікаў "Байрактар". Многія пісалі пра поўнае іх знішчэнне ўжо ў пачатку сакавіка, але 25 сакавіка Мінабароны РФ паведаміла, што збіла "35 з 36" беспілотнікаў. Потым знішчылі нібыта апошні. А пасля пачалі знішчаць больш "Байрактараў", чым першапачаткова заяўлялі. І быццам бы зноў перамаглі... Але потым беспілотнік паўдзельнічаў у патапленні крэйсера "Масква".
"Танкі ўжо ў Кіеве!"
Ілля Ківа быў украінскім дэпутатам ад партыі "кума Пуціна" Медзведчука "Апазіцыйная платформа — за жыццё". Быў, таму што ў сярэдзіне сакавіка дэпутаты пазбавілі яго мандата, а супраць яго самога была заведзеная справа па падазрэнні ў дзяржаўнай здрадзе.
Сёння Ківа актыўна вядзе тэлеграм-канал і ад асобы ўкраінскага палітыка расказвае "інсайды" і "прагнозы". Напрыклад, вось што ён паведамляў 25 лютага:
"Вайна прайграная! Рускія танкі ў Кіеве! Зяленскі павінен пайсці ў адстаўку!"
4 сакавіка Ківа заяўляў ужо наступнае: "Толькі што мне пацвердзілі, што галоўнакамандуючы Узброеных сіл Украіны, прэзідэнт Уладзімір Зяленскі перасёк сёння ўкраінска-польскую мяжу".
Неўзабаве, 6 сакавіка, Ківа расказаў падпісчыкам пра тое, што "ва Украіны застаўся месяц".
З часам яго прагнозы станавіліся ўсё больш, мякка скажам, незвычайнымі. Напрыклад, 1 красавіка ён гаварыў пра нібыта з'яўленне ў Польшчы 7000 вайскоўцаў НАТА і не выключаў, што Варшава захоча "забраць" заходнія вобласці Украіны.
11 красавіка са спасылкай на свае крыніцы былы дэпутат паведамляў пра тое, што камандзір "Азова" Дзяніс Пракапенка нібыта ўцёк у Кіеў. Відэазварот Пракапенкі ад 13 красавіка Ківа чамусьці вырашыў праігнараваць.
Цікава, што на Ківу, як і на Падаляку, вельмі любяць спасылацца беларускія прапагандысты. Канфузы іх таксама не бянтэжаць: напрыклад, канал "Жёлтые сливы" пісаў, што ў Харкаве "вывесілі расійскі сцяг", пры гэтым выкарыстаўшы фота... 2014 года. Бывае.
Прывідныя войскі Кадырава
Кіраўнік Чачні Рамзан Кадыраў вылучаецца сярод прапагандыстаў: усё ж ён яшчэ і афіцыйная асоба. Але гэта не перашкаджае яму фатаграфавацца ў малітве на запраўцы "Раснафты" і пазначаць, што гэта нібыта фота з Марыупаля (дзе, вядома ж, "Раснафты" няма).
18 сакавіка, напрыклад, Кадыраў пісаў, што "да поўнай ачысткі Украіны" застаюцца "лічаныя дні". Потым — фатаграфіі і відэа, дзе ён нібыта ва Украіне. Дзіўна, але яны часам спалучаюцца з кадрамі, дзе ён запісваецца на відэа са свайго кабінета ў Грозным. Можа, у яго ёсць свае спосабы ўсяго за пару гадзін дасягаць Марыупаля з Чачні, а потым ляцець назад.
Ганарыцца ён і сваімі "ваярамі": рэгулярна публікуе відэа, як яны "змагаюцца" ва Украіне. Праўда, частку запісаў геалакаваць немагчыма. А на ўсіх іх няма ніякіх праціўнікаў. Напрыклад, кадыраўцы проста страляюць у акно — і няма ніякага агню ў адказ. Або ў сутарэнне — тое самае. Сутарэнне, вядома, выдаецца за тое, што размешчана ў "Азоўсталі", хоць завод да гэтага часу не ўзяты.
Пра "зачыстку" сутарэння завода ад "азоўцаў" Кадыраў пісаў і 12 красавіка. Хоць за некалькі тыдняў да гэтага, 21 сакавіка, ён пісаў наступнае: "Чачэнскія байцы паспяхова прасоўваюцца ў марыупальскім кірунку. Пасля ўзяцця і зачысткі буйнога завода "Азоўсталь" яны прыступілі непасрэдна да штурму горада, вызваляючы квартал за кварталам".
Нешта не сыходзіцца.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.