Пракуратура Крыма хоча завесці справу на прыхільнікаў Джамілёва
У Следчы камітэт РФ і ФСБ накіраваныя прадстаўленні для адкрыцця крымінальных справаў супраць групы крымскіх татар.
Яны спрабавалі дамагчыся ўезду на тэрыторыю рэгіёну свайго лідара Мустафы Джамілёва. Пракурор Крыму Наталля Паклонская ў відэазвароце, апублікаваным на YouTube, назвала акцыі пратэсту крымскіх татар “незаконнымі публічнымі акцыямі экстрэмісцкага характару, звязанымі з масавымі беспарадкамі, перакрыццём аўтатрас, незаконным перасячэннем дзяржаўнай мяжы РФ”.
Следчы камітэт Расіі і ФСБ пакуль не каментавалі заяву Паклонскай, інфармуе ВВС.
У пятніцу Джамілёву, якія прыляцеў з Кіева, у Маскве адмовілі ва ўездзе ў краіну і не пусцілі на рэйс у Сімферопаль.
На наступны дзень ён спрабаваў уехаць у Крым на аўтамабілі ў раёне горада Армянска на поўначы паўвыспы. Падтрымаць яго прыехалі каля пяці тысяч крымскіх татар. Аднак Джамілёву зноў адмовілі ва ўездзе, пасля чаго на мяжы адбылася невялікая сутычка.
Меджліс крымскатарарскага народу, а таксама ўлады Украіны і Турцыі, рэзка асудзілі адмову ў доступе ў Крым Джамілёву, які сам перажыў дэпартацыю і 15 гадоў правёў у савецкіх турмах за барацьбу за права крымскіх татар вярнуцца на радзіму.