Эксперт: На другасным рынку жылля продажы ўпалі ў тры разы
Як пачуваецца рынак нерухомасці ў час, калі ў беларусаў няма даступных крэдытаў, а кошты на квадратны метр пакуль не знізіліся да адэкватных?
У дырэктара Беларускай асацыацыі нерухомасці Мікалая Прасталупава цікавімся, як будзе бліжэйшым часам развівацца сітуацыя на рынку нерухомасці.
“Здзелак няма, сітуацыя амаль трагічная, агенцтвы нерухомасці цяпер выжываюць толькі за кошт продажу новабудовак. Колькасць здзелак на другасным рынку ўпала амаль у тры разы ў параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года. У рэгіёнах продажы ёсць, але там людзі хутчэй скідваюць кошты, там колькасць здзелак упала ў два разы, — кажа Мікалай Прасталупаў. — Людзі не набываюць жыллё, пакупнікоў няма! Да нас тры гады ўжо не ходзяць людзі з крэдытамі”.
Мікалай Прасталупаў называе некалькі фактараў, якія ўплываюць на сітуацыю: нізкія даходы (яны істотна зменшыліся пасля дэвальвацыі), а таксама нежаданне гаспадароў кватэр гэты факт улічваць.
“Народ пужаюць, што ў Мінску будавацца больш нічога не будзе, і прадаўцы думаюць, што за іх кватэрамі выбудуюцца чэргі. А іх няма! Няма чэргаў. У Мінску каля 10 000 кватэр, выбраць ёсць з чаго. Грошай няма ў пакупнікоў”.
Эксперт прагназуе, што такая сітуацыя будзе мінімум да канца жніўня.
“Застаецца спадзявацца ці на даходы насельніцтва, ці на тое, што кошты ўпадуць. Да жніўня я не бачу аб'ектыўных прычын, што кошты ўпадуць. А там будзе прэзідэнцкая кампанія, людзям дадуць крэдыты, грошай. Магчыма, тады сітуацыя зменіцца”.
“Кошты на кватэры ў Мінску з пачатку года ўпалі на 10—15%”, — кажа намеснік дырэктара па продажы на другасным рынку жылля агенцтва нерухомасці “Твая сталіца” Святлана Кудзелка.
Сёння квадратны метр у сталічнай аднапакаёвай кватэры ў сярэднім каштуе 1,5 тысячы долараў, у двушцы — прыблізна 1,4, а ў трохпакаёўцы — 1,3 тысячы долараў.
“Самая танная — 43 тысячы долараў за аднапакаёўку на Партызанскім праспекце, а самая дарагая кватэра ў раёне Камароўскага рынку — 165 тысяч долараў”, — распавядае Святлана Кудзелка і адзначае, што папулярнасцю карыстаюцца ў пакупнікоў танныя аднапакаёўкі, а таксама дачы ды сельскія дамы паблізу сталіцы.
Спецыяліст кажа, што цяпер самы час для продажу ці абмену жылля.
“Тыя гаспадары кватэр, якія прадалі кватэры на 10% танней у студзені, саступілі пакупнікам, цяпер выйгралі ў параўнанні з тымі прадаўцамі, якія трымаюць кошты”, – заўважае Святлана. На яе думку, продажы могуць павялічыцца толькі ў выпадку, калі з’явяцца даступныя крэдыты.
Нагадаем, у канцы і пачатку года “Белаграпрамбанк” і “Беларусбанк” прыпынялі выдачу крэдытаў на жыллё. Цяпер “Беларусбанк” крэдыты на будаўніцтва кватэр аднавіў, але пад 35% гадавых!
У агенцтве нерухомасці “Пакадан” спецыяліст па продажы Кацярына заўважае, што кошты на кватэры па іх агенцтве пачалі марудна зніжацца. Жыллё па рэальных коштах забіраюць адразу, дарагія кватэры будуць чакаць пакупнікоў яшчэ доўга.
“У нас доўгія часы кошты на кватэры былі неадэкватнымі. Дзвюшка 48 метраў у нас неяк прадавалася за 90 тысяч долараў! Цяпер каштуе 60-65 тысяч долараў, аднапакаёўка — 40. Гэта больш-менш нармальныя кошты”, — кажа Кацярына. Як будзе складацца сітуацыя на рынку далей, яна не прагназуе, маўляў, у Беларусі з коштамі магчымы абсалютна любы сцэнар. Але прызнае, што дакладна нічога расці не будзе.