Праваабаронцы БХК вызначылі самыя прыязныя да людзей аддзяленні міліцыі
Беларускі Хельсінкскі камітэт вызначыў самыя прыязныя да людзей міліцэйскія пастарункі. Праваабаронцы правялі маніторынг у Віцебскай, Мінскай, Магілёўскай абласцях, а таксама сталіцы.
У Віцебску і вобласці самымі прыязнымі названыя Лепельскі РАУС, АУС Віцебскага раёна, Аршанскі РАУС. У Мінску і вобласці — Чэрвенскі РАУС, Мінскае РУУС Мінскай вобласці, Першамайскае РУУС Мінска. У Магілёве і вобласці — Кастрычніцкі РАУС Магілёва, Чэрыкаўскі РАУС, РАУС па Першамайскім раёне Бабруйска, Кіраўскі РАУС.
Як паведамляюць праваабаронцы яны будавалі сваё назіранне не на аснове рэгламентаванага прававога стандарту, а на аснове здаровага сэнсу і прэзідэнцкай Дырэктывы №2. У першую чаргу, назіральнікі адзначалі ўсё, што можа спатрэбіцца грамадзяніну пры добраахвотным звароце ў аддзяленне міліцыі.
У прыватнасці, яны фіксавалі, наколькі лёгка можна знайсці аддзяленне, увайсці ў яго, атрымаць інфармацыю. Адзначаліся і побытавыя ўмовы: наяўнасць пітной вады, умовы ў прыбіральня, магчымасць зарадкі тэлефона.
Таксама назіральнікі звярталі ўвагу на ўмовы працы саміх міліцыянтаў: узаемаадносіны паміж старэйшымі і малодшымі чынамі, адносіны наведвальнікаў да міліцыянтаў, умовы у прыбіральнях і г.д.