Праваабаронцы: маці мазырскага фермера падчас ператрусу зламалі пальцы
Тамара Вянгура / palesse.press
Пасля арышту блогера Сяргея Ціханоўскага 29 мая ў Гродне па ўсёй краіне пачаліся затрыманні яго прыхільнікаў. У ноч на 4 чэрвеня ў хату да мазырскага фермера Аляксандра Вянгуры, пра якога здымаў сюжэт Ціханоўскі, уварваліся міліцыянты і людзі ў цывільным. На наступны дзень пасля ператрусу мужчыну затрымалі.
Як паведамляе праваабарончы цэнтр "Вясна", падчас начнога ператрусу маці фермера Тамары зламалі пальцы рукі. Яна хадзіла на экспертызу, падала заяву ў міліцыю.
Таксама, па словах жанчыны, у тую ноч у яе начавала ўнучка, а невядомыя ўварваліся ў адзін з пакояў, дзе спала ўнучка, і наставілі на яе пісталет.
"Нашай Ніве" сітуацыю пракаментаваў прадстаўнік МУС па Гомельскай вобласці Віталь Прыстромаў. Паводле яго слоў, са скаргай Тамары Венгуры разбіраецца Следчы камітэт, а "што тычыцца пагрозы прымянення зброі супраць непаўналетняй, то такога не было, гэта не адпавядае рэчаіснасці".
Як паведамляла Еўрарадыё, жонка Сяргея Ціханоўскагя Святлана абвясціла аб адмене пікетаў у сваю падтрымку ў Мінску і абласных гарадах. Збіраць подпісы не будуць у бліжэйшыя выхадныя — 12-14 чэрвеня.
Гэта рашэнне прэтэндэнтка на прэзідэнцкі пост патлумачыла магчымай падрыхтоўкай правакацыі з боку спецслужбаў. Таксама яна адзначыла, што на сяброў ініцыятыўнай групы значна вырасла ціск і працягваюцца рэпрэсіі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.