Прэзентацыя на Еўрарадыё: Сінгл "Дружба" ад гітарыста Clover Club

Колішні гітарыст Clover Club Дзмітрый Кацяшоў запісаў сольны альбом "Hypnos" і анансуе яго на Еўрарадыё сінглам "Дружба". 


Clover Club распаліся год таму, хоць афіцыйна пра заканчэнне праекта не аб'яўлялі. Але, кажа Дзіма, верагоднасць таго, што каманда калі-небудзь збярэцца, роўная 1%. Відаць таму, музыкі падаліся ў сольную творчасць. Следам за клавішніцай Наталляй Куніцкай і яе Mustelide новы праект пад назвай "life on marx" прадстаўляе і Дзмітрый. Адразу пасля развалу Clover Club Кацяшоў некалькі разоў спрабаваў сабраць новы гурт, але раптам зразумеў, што самому рухацца прасцей, ды і досведу хапае! Таму ў новым праекце ён дзейнічае выключна самастойна — сам піша музыку, тэксты, аранжыроўкі, спявае, грае на ўсіх музычных інструментах, займаецца звядзеннем і мастарынгам. Кажа, стартаваць яму ў нейкім сэнсе дапамог Вова Патапенка, які ў свой час шмат чаму навучыў Наташу Куніцкую: 


"Я не думаю, што гэта падобна да Clover Club, хаця, густы і перавагі не могуць змяняцца за такі кароткі тэрмін. Пэўныя адгалоскі, безумоўна, ёсць. Але ідэалагічна там некалькі іншы кірунак, і тэксты на рускай мове, што таксама канкрэтна адрознівае ад Clover Club. То бок, я не пазіцыяную гэты праект, як нейкі працяг гурта ці нейкую паралель. Гэта нешта маё, абсалютна асаблівае, бо калі сам займаешся цэлым праектам, твая асоба нібыта прачытваецца ва ўсіх яго складніках". 


Альбом "Hypnos", які складуць 11 трэкаў, атрымаўся на дзіва канцэптуальным, хоць першапачаткова такой задачы музыка перад сабой не ставіў. Дзіма кажа, што ўсе песні на альбоме розныя, але яны аб'яднаныя яго светаадчуваннем і ў іх прасочваюцца рэчы, якія яго цікавяць у жыцці:


 "Гаворка ідзе пра чалавечыя адносіны, вандроўкі. Вельмі шмат даюць мае стасункі з людзьмі — старымі сябрамі і новымі знаёмымі. Я часта пры сустрэчы з людзьмі аналізую нашу размову, узгадваю, пра што яна была, і гэта часта падштурхоўвае да стварэння песні". 


Песня, якой Кацяшоў анансуе сольны альбом, называецца "Дружба". Cюжэт для яе ўзяўся вось адкуль: ня вуліцы Асаналіева ёсць зялёная зона, якая пераходзіць у Лошыцкі парк, і музыка там вельмі любіць гуляць. Аднойчы Дзіма стаў сведкам таго, як два сябрукі нападпітку мірна спалі ў зялёнай зоне, а да іх ціха падбіраўся агонь, бо нехта побач паліў траву. Але пасланне песні Кацяшоў не хоча раскрываць: маўляў, паслухайце і зразумейце! 


Альбом будзе прэзентаваны на пачатку верасня. Таксама чакаецца канцэртная прэзентацыя дыска. Але да яе музыка мусіць добра падрыхтавацца, бо маючы дзве рукі, сыграць на ўсіх інструментах адначасова не так і лёгка!

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі