Пры Маскевічы — звальненні выкладчыкаў у Гродне і змены “прахадных балаў”

Больш за 4 гады навуковец з гродзеншчыны і былы дэпутат Палаты прадстаўнікоў Сяргей Маскевіч кіраваў беларускай адукацыяй. Але значных рэформ у ёй не зрабіў. Змены парогавага бала, які патрэбны для паступлення ва ўніверсітэт, закрыццё прыватнага жаночага інстытута “Энвіла” і змены ў размеркаванне пасля ўніверсітэта — бадай, усе новаўвядзенні экс-міністра адукацыі.

Пасля ўніверсітэта цяпер трэба адпрацоўваць па размеркаванні нават тады, калі студэнт перавёўся з бюджэту на платнае. А ва ўніверсітэт паступаць сёлета можна было, калі набярэш на тэставанні хаця б 10 балаў па рускай і беларускай мовах, 15 — па фізіцы, матэматыцы, біялогіі і хіміі. І 20 балаў па гісторыі і грамадазнаўстве.

Сяргей Маскевіч запомніўся і рэпрэсіямі у яго родным Гродзенскім універсітэце імя Янкі Купалы, адкуль былі звольненыя выкладчыкі Андрэй Чарнякевіч, Вячаслаў Швед, Іна Соркіна, Ігар Кузьмініч. Хоць гэтыя звальненні і прыпісваюць былому кіраўніку Гродзеншчыны Сямёну Шапіру.

Якіх зменаў чакаць ад новага міністра, даведваемся ў яго калег і студэнтаў.

Гэта чалавек з БДУ. Ён быў нашым студэнтам, прайшоў усе стадыі. Гэта страта для ўніверсітэта. Ён малады, энергічны, быў загадчыкам кафедры, пасля дэканам, пасля першым прарэктарам. Ён падтрымлівае маладых выкладчыкаў, ён спрабаваў на кожным факультэце увесці навучанне на замежных мовах. Стварэнне медыяцэнтра ў БДУ — гэта яго заслуга”, — апісваюць цяперашняга міністра ў дэканаце механіка-матэматычнага факультэта, дзе Міхаіл Жураўкоў працаваў дэканам з 2007 па 2008 гады. З 2009 года ён працуе ўжо першым прарэктарам БДУ.

Праз 2 дні пасля прызначэння яго ўжо няма на старым працоўным месцы. “Ён ужо ў міністэрстве працуе”, — каротка адказваюць у прыёмнай.

Па словах калег, беларускую мову новы міністр ведае, бо на факультэце ёсць выкладанне па-беларуску. Беларускай мовай запомніўся Сяргей Маскевіч. Былы міністр выказваўся за яе пашырэнне, але далей за выказванні не пайшло.

“Дзяўчынкам ён найбольш падабаўся. Яны заўжды на першых партах сядзелі і прадмет яго вучылі. Ён камунікабельны чалавек. Па сёння, калі з ім выпадкова сустракалася, пытаўся, як справы”, — распавядае пра новага міністра яго былая студэнтка, а цяпер выкладчыца Марына.

Новы міністр адукацыі Міхаіл Жураўкоў — малады доктар навук, абараніў доктарскую дысертацыю ў 1993 годзе, ва ўзросце 32 гадоў. Адразу пасля працаваў на “Беларуськаліі” і ўжо потым вярнуўся ў адукацыю. Выкладаў ў БНТУ, пасля ў БДУ, дзе быў загадчыкам кафедры, дэканам і нарэшце першым прарэктарам. Ён амаль на 10 гадоў маладзейшы за двух сваіх папярэднікаў Сяргея Маскевіча і Аляксандра Радзькова.

На фота: Сяргей Маскевіч, Міхаіл Жураўкоў. Фота: Еўрарадыё, www.neg.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі