"Прыбытку няма, абы сплавіць": беларускія НПЗ на мяжы калапсу
Улады планавалі гандляваць нафтапрадуктамі з Расіяй, але там яны не патрэбныя / калаж Улада Рубанава, Еўрарадыё
Беларускія нафтаперапрацоўчыя заводы працуюць на палову магутнасці і амаль цалкам запоўнілі склады. Прадпрыемствы спрабуюць выратавацца рамонтамі.
Нафтаперапрацоўка, яшчэ ў 2021 годзе адна з самых прыбытковых галін Беларусі, традыцыйна зарабляла на экспарце ў Еўропу і Украіну. Санкцыі і пазіцыя беларускіх уладаў у вайне супраць Украіны пазбавілі Беларусь гэтых рынкаў.
Еўрарадыё даведалася, як працуюць "Нафтан" і Мазырскі НПЗ, чаму паліва багата, але яно будзе даражэць. А таксама чаму прадукцыя беларускіх НПЗ не патрэбная ў Расіі, хоць ураду вельмі хочацца туды прадаваць.
"Рэзервуары запоўненыя — льюць усё проста ў цыстэрны на колах"
Загрузка на прадпрыемствах мінімальная, паведамляе крыніца Народнага антыкрызіснага ўпраўлення ў беларускай нафтаперапрацоўцы. "Нафтан" спажывае 11 тысяч тон нафты за суткі, а Мазырскі НПЗ — 14 тысяч тон. Для Мазыра гэта каля 45% ад звычайнай загрузкі.
Пры гэтым работнікам Мазырскага НПЗ выплачваюць стаадсоткавую прэмію. Чакаецца, што будзе і квартальная прэмія ў пачатку траўня, хоць і са спазненнем.
— Разумеюць, мабыць, што калі людзі пачнуць сыходзіць, то гэта не спыніць. І так з кваліфікаванымі кадрамі напружана: звольнілі паўтара года таму шмат. А досвед не купіць.
Расія не будзе ствараць сабе канкурэнта
Раней "Нафтан" і Мазырскі НПЗ цягнулі прамысловасць у плюс і прыносілі валюту ў краіну. Цяпер даводзіцца траціцца на ўтрыманне прадпрыемстваў. Вырашыць праблему можна толькі з дапамогай экспарту, паколькі ўнутраны рынак моцна абмежаваны, кажа аглядальніца нафтагазавай галіны Таццяна Манёнак.
Таксама попыт на нафтапрадукты ўпаў у Расіі праз санкцыі і сцісканне вытворчасці, кажа намеснік кіраўніка эканамічнага дэпартамента фонду "Інстытут энергетыкі і фінансаў" Расіі Сяргей Кандрацьеў.
— Плюс дастаткова сур'ёзны ціск на экспарт. Еўрапейскія пакупнікі пакінулі або істотна скарацілі закупкі. Скарачэнне закупак прыводзіць да таго, што неабходна даваць вялікія зніжкі.
Выходзіць, адзіны даступны рынак становіцца меншым.
Паліва шмат, але яно будзе даражэць
Дзяржаве асабліва няма чым дапамагчы "Нафтану" і Мазырскаму НПЗ. Застаецца, нягледзячы на лішак паліва, рэгулярна падвышаць цану на дзве капейкі замест адной.
— Падаражанне аргументавалі тым, што цана ў доларах не падвышаецца. Цяпер гэта будзе складаней праз разлікі за нафту ў расійскіх рублях. У заводаў растуць выдаткі. Гэтая праблема ў пэўнай ступені будзе класціся на спажыўца, — працягвае Таццяна Манёнак.
Тэарэтычна Беларусь можа пастаўляць свае нафтапрадукты праз Расію ў Еўропу пад выглядам расійскіх.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.