Прызначана дата разгляду справы аб ліквідацыі апазіцыйнай БСДП
Сябры БСДП у судзе з прычыны абскарджвання неперарэгістрацыі партыі Мінюстам, верасень 2023-га / t.me/BSDP_Hramada/
Прызначана дата разгляду Вярхоўным судом Беларусі справы аб ліквідацыі апазіцыйнай Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамады) — 19 верасня. Яе ініцыяваў Мінюст. Раней ён адмовіў партыі ў перарэгістрацыі, заявіўшы, што яна не адпавядае новаму закону аб палітычных партыях. Абскардзіць неперарэгістрацыю ў судзе прадказальна не атрымалася. Днямі ЦК БСДП прыняў рашэнне аб правядзенні чарговага ХХІІ з’езду БСДП. Яго прызначылі на 16 снежня.
"Зачыстка" партыйнага поля ў Беларусі працягваецца ўжо некалькі месяцаў. Ліквідаваныя АГП, КХП-БНФ, Партыя БНФ, Беларуская партыя "Зялёныя", Беларуская сацыял-дэмакратычная Грамада. Ліквідавалі і шэраг праўладных партый, якія аказаліся непатрэбныя рэжыму Аляксандра Лукашэнкі ў новай сітуацыі. На сайце Мінюста на сённяшні момант пазначаны 6 зарэгістраваных партый, а сярод іх 4 праўладныя. БСДП і Беларускай партыі левых "Справядлівы свет" пагражае ліквідацыя.
Міністр юстыцыі Сяргей Хаменка яшчэ ў лютым 2023-га "прадбачыў", што "колькасць партый зменшыцца да 3-4".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.