П'яны гомельскі пенсіянер закідаў аптэку цаглінамі дзеля настойкі глогу

П'яны гомельскі пенсіянер закідаў аптэку цаглінамі дзеля настойкі глогу

Пад крымінальную справу трапіў гомельскі пенсіянер, якому ўначы захацелася выпіць. 

Як паведамляе прэс-служба УУС Гомельскага аблвыканкаму, здарэнне адбылося ў ноч на 30 жніўня. Пасля паўночы відавочна нецвярозы грамадзянін прыйшоў у кругласутачную аптэку па праспекце Рэчыцкім і папрасіў тры флаконы настойкі глогу. Правізар патлумачыў яму, што спіртазмяшчальныя настойкі прадаюцца толькі ўдзень і па адным флаконе за раз. Мужчына праявіў агрэсію, і правізар прадаў яму адзін флакон, каб пазбегнуць непрыемных наступстваў.

Аднак праз нейкі час настойлівы пенсіянер вярнуўся і запатрабаваў дабаўкі. Пачуўшы адмову, гамяльчук ненадоўга адышоў і вярнуўся з цаглінамі. Ён кінуў дзве цагліны — у акенца касіра і шклопакет дзвярэй. Пасля гэтага правізар націснуў трывожную кнопку. Сам ён падчас інцыдэнту не пацярпеў. 

Экіпаж аховы затрымаў мужчыну, які нават не спрабаваў уцячы і ва ўсім прызнаўся. Дарэчы, яго ўчынак зафіксавала і камера відэаназірання. На гамельчука пачалі крымінальную справу за хуліганства. 

па словах старшага аперупаўнаважанага Савецкага РАУС маёра міліцыі Максіма Бялова, 52-гадовы пенсіянер раней у поле зроку праваахоўнікаў не трапляў. У той дзень мужчына вярнуўся з лецішча і вырашыў адпачыць, аднак наяўнай выпіўкі яму не хапіла. У пошуках дабаўкі ён і пайшоў у бліжэйшую кругласутачную аптэку.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі