Расія хоча купляць яблыкі ў Беларусі, якая сама купляе іх у Польшчы
Яблыкі, ілюстрацыйнае фота
Недастачу яблыкаў, выкліканы травеньскімі замаразкамі, Расія плануе замясціць пастаўкамі з дружалюбных краін, у тым ліку з Беларусі.
"Што датычыць яблыкаў — у сувязі з цяперашнімі ўмовамі надвор'я Мінсельгас Расіі прагназуе па пладовых невялікі недабор ураджаю. Але ў цэлым канчатковы спажывец не ўбачыць павышэння кошту, таму што гэта ўсё будзе замешчана пастаўкамі з тых жа нашых найбліжэйшых дружалюбных суседніх краін — з Азербайджана, Турцыі, Арменіі, Беларусі, Сербіі і Прыднястроўя", — цытуе ТАСС словы намесніка кіраўніка Рассельгаснагляду Антона Кармазіна.
Між тым Беларусь і сама закупляе цяпер яблыкі ў Польшчы. Абмежаванні на іх імпарт былі знятыя з 1 красавіка.
Польскія яблыкі і раней ужо траплялі пад харчовыя санкцыі Мінска, але кожны раз гэты тавар выводзілі з-пад абмежаванняў. Часцей за ўсё яны таннейшыя за аналагічны тавар з іншых краін. А беларускія вытворцы яблыкаў не могуць цалкам забяспечыць унутраны рынак.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.