Ратавальнік: гараджане не прасілі зняць БЧБ-сцягі — нам тэлефанавалі з міліцыі
Гродзенцы ніколі не прасілі ратавальнікаў здымаць белчырвона-белыя сцягі — такія тэлефанаванні заўжды паступалі з міліцыі. Пра гэта парталу Hrodna.life распавёў маёр унутранай службы Дзмітрый Нахілаў. Мужчына 15 гадоў жыцця аддаў службе ў МНС. Апошнія 10 гадоў служыў старшым памочнікам начальніка штаба ліквідацыі надзвычайных сітуацый Цэнтра аператыўнага кіравання Гродзенскага абласнога МНС. Пасля звальнення ён пераехаў у іншую краіну.
"Самі гараджане нам не тэлефанавалі, не скардзіліся і не прасілі зняць бел-чырвона-белыя сцягі. Гэтыя тэлефанаванні паступалі з міліцыі. Прасілі дапамагчы, калі без вышыннай тэхнікі не маглі зняць сцяг", — кажа Нахілаў. Такая тэхніка ёсць не толькі ў МНС, але з імі міліцыі прасцей дамовіцца, бо гэта таксама сілавая структура.
Ратавальнік абураецца такімі просьбамі, бо сцяг не пагражае ні жыццю, ні здароўю людзей — у адрозненне ад дзеянняў амапаўцаў.
"МНС-нікі Беларусі ратуюць у год прыблізна 1000 чалавек. Але ад палітычных рэпрэсій за тры месяцы пасля выбараў пацярпела ў некалькі разоў больш людзей. Гэта не ўкладаецца ў маёй галаве — для чаго я ды іншыя пажарныя рызыкуем жыццём, ратуючы людзей, калі потым іх калечаць з-за простага жадання жыць лепш", — адзначае ратавальнік.
Мужчына кажа, што 11 жніўня з акна сваёй кватэры бачыў жорсткае затрыманне і збіццё маладых людзей з бел-чырвона-белым сцягам. Сваімі перажываннямі ён падзяліўся ў Viber-чаце з блізкімі сябрамі, а на наступны дзень яму затэлефанаваў начальнік. "Па словах начальніка, яму тэлефанавалі з КДБ з пытаннем аб тым, што я нешта не тое пішу", — згадвае Нахілаў. Па яго словах, у КДБ далажыў адзін з блізкіх калег.
Нахілаў кажа, што некаторых з яго калег звольнілі за белыя бранзалеты, якімі людзі пазначалі сябе на выбарах. Гэта быў знак выбарцаў, якія галасуюць не за Аляксандра Лукашэнку. "У дзень выбараў на кожным выбарчым участку прысутнічаў работнік МНС з мэтай забеспячэння пажарнай бяспекі. Усе супрацоўнікі былі ў форме. Некаторыя з іх надзелі белыя стужачкі. У той жа дзень яны ўжо не былі нашымі калегамі. Можа, іх таксама задняй датай звольнілі", — распавядае ратавальнік. Начальства заявіла, быццам белая стужка — гэта парушэнне формы.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.