“Разумею крыўду. Але…” Пасярэдніца па атрыманні ВНЖ адказвае незадаволеным
Заплаціць камусьці — яшчэ не гарантыя, што ВНЖ у кішэні / legal-immigration.pl
Гісторыя беларусаў, якія скардзяцца на нядобрасумленнасць пасярэдніка пры атрыманні ВНЖ, атрымала працяг. Да Еўрарадыё звярнулася Ірына Ралавец — кіраўніца кампаніі Root Group, чыёй дапамогай незадаволеныя Дзмітрый (імя змененае) і Дзіяна. З іх слоў, пасля аплаты і падачы дакументаў прадстаўнікі кампаніі перасталі выходзіць на сувязь. Мужчына ў выніку ўвогуле атрымаў адмову.
— На кансультацыях я заўсёды стараюся максімальна дакладна тлумачыць усе падрабязнасці працэсу. І намаўляць кліентаў весці справы самастойна. Але як ёсць.
Я разумею крыўду герояў. Але мы аказваем кансалтынгавыя паслугі, а не выконваем функцыі дзяржаўных устаноў. Падсумоўваючы, героі свае ацэнкі перабольшылі. Як мінімум у трох з чатырох спраў, агучаных тут, — лічыць Ірына Ралавец.
Публікуем галоўнае з яе адказу і разам з тым — гісторыю яшчэ аднаго незадаволенага кліента Root Group, які звязаўся з намі пасля публікацыі першага артыкула.
“Гэта было рашэнне кліента — не працягваць справу”
Паводле Ірыны Ралавец, Дзіяна пятага жніўня ўсё ж атрымае свой ВНЖ.
— Варта зазначыць, што ў пачатку справы з Дзіяны выцягвалі кожную паперку, і толькі цяпер яна пачала цікавіцца справай, — зазначае Ірына.
Паводле версіі дзяўчыны, яна кожны месяц дасылала дакументы супрацоўнікам Root Group. Але тыя на паведамленні не адказвалі. Такога сэрвісу амаль за $900 Дзіяна не чакала.
— З трох асоб, для якіх замаўлялася паслуга, дзве атрымліваюць свае ВНЖ 11 і 13 верасня, — кажа Ірына Ралавец пра Дзмітрыя і дваіх супрацоўнікаў яго кампаніі, за дапамогу якім ён таксама заплаціў Root Group.
— Што датычыць спадара Дзмітрыя [імя ў цытаце змененае], то на неаднаразовыя просьбы прадаставіць дакументы ён іх не прадаставіў, вельмі доўга, з яго слоў, збіраў. Як фірма мы можам дапамагчы сабраць дакументы, але не можам іх атрымаць замест заяўніка.
У выніку Дзмітрый атрымаў негатыўнае рашэнне польскага боку пасля падачы на ВНЖ.
— Мы рыхтаваліся да апеляцыі. Гэта было рашэнне кліента — не працягваць справу, — кажа Ірына.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.