Арандаваць возера ў Беларусі можна за 100 долараў у год

Калі адчуваеш сябе гаспадаром, а для рэалізацыі сваіх амбіцый уласнай кватэры не хапае, можна, напрыклад, узяць у арэнду возера. І заняцца арганізацыяй платнай рыбалкі. На шчасце, у нашай краіне гэта дазволена.

Вось і Еўрарадыё вырашыла праверыць, як на практыцы можна арэндаваць возера, арганізаваць на ім платную рыбалку і колькі гэта каштуе.

Як патлумачылі ў Дзяржкамісіі аховы жывёльнага і расліннага свету пры прэзідэнце Беларусі, у арэнду прапануюцца найперш бязрыбныя азёры ды сажалкі.

“Толькі тыя водныя аб’екты можна, якія не ўяўляюць аніякай каштоўнасці, і ў іх бедна прадстаўленая іхтыяфаўна,
― распавяла нам начальнік аддзела жывёльнага свету Таццяна Цітова. ― Гэта нават не столькі азёры, колькі штучныя вадаёмы: сажалкі ды малыя вадасховішчы. Але вы не проста бярэце ў арэнду – і адразу ж плату бераце за ўсё! Плата бярэцца толькі пасля таго, як паводле акту засведчаць: маўляў, вось тут арганізаванае добраўпарадкаванне”.

Але да запаветнага акту трэба прайсці яшчэ не адну інстанцыю. Найперш трэба высветліць у мясцовым выканкаме, ці прыдатны вадаём для арэнды. Напрыклад, на Гродзеншчыне многія азёры ды сажалкі ўжо занятыя. Аднак тут Еўрарадыё дапамог начальнік раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў Дзмітры Жук. Ён ветліва прапанаваў арандаваць возера Можнева, якое, дарэчы, уваходзіць у Рэспубліканскі ландшафтны заказнік “Азёры”.

Дзмітры Жук: “Падаеце заявачку, абвяшчаецца і праводзіцца аўкцыён. Паводле ўмоваў аўкцыёну, выйграеце арэнду. Заключаеце дамову аб арэндзе. Арэндная плата там невялікая – недзе каля 240-300 тысяч у год. Ну і ўсё. Арганізоўваеце, бераце біялагічнае абгрунтаванне ў Інстытуце экалогіі на зарыбленне. І ўсё!”

Для правядзення аўкцыёна патрэбныя прынамсі дзве юрыдычныя асобы, адну з якіх прадстаўляе будучы арандатар. За ўдзел плаціце 10% ад кошту лоту. Акрамя таго патрэбная ліцэнзія для арганізацыі платнай рыбалкі, на атрыманне якой арандатар павінен падаць цэлы стос дакументаў і заплаціць за іх разгляд 280 тысяч рублёў. Таксама давядзецца выкласці кругленькую суму і за рыбаводна-біялагічнае абгрунтаванне. Да прыкладу, РБА суседняга з Можнева возера Лакно каштавала 6 мільёнаў рублёў. За ўласны кошт абсталюецца масткамі, столікамі, месцамі для вогнішчаў і бераг возера. Пры гэтым празмерная будаўнічая дзейнасць прыроднай Дзяржкамісіяй успрымаецца надзвычай адмоўна.

“Належыць потым зносу, калі пабудаваны з парушэннямі заканадаўства, і плюс штрафныя санкцыі. У турму таксама могуць пасадзіць – залежыць ад таго, якую шкоду наносіце, ― тлумачыць Таццяна Цітова. ― Была сітуацыя па Баранавіцкім раёне. Там фермер узяў у арэнду, раскапаў там – то бок пачаў займацца там такой дзейнасцю. Нібыта і патрэбная тая дзейнасць была, але яна пярэчыла нашаму заканадаўству. Так, там вялікая шкода была нанесеная, а за гэта ўжо крымінальная адказнасць прадугледжаная”.

Хоць арандатару і давядзецца прыглядаць за ўзбярэжнай паласой у паўсотні метраў ушыркі, аднак самавольна агарадзіць вадаём нельга. Закон дазваляе толькі выставіць шыльды, якія будуць папярэджваць, што на дадзеным вадаёме арганізаваная платная рыбалка, і інфармаваць, дзе можна набыць на яе дазвол.

Зрэшты, арандатар суседняга возера фермер Дзмітры упэўнены, што не пусціць аматараў шумнай кампаніі і адпачынку пад гарэлачку ды гучную музыку ўсё-ткі можна. Але гэта ўжо зусім іншыя грошы ды іншае заканадаўства.

Дзмітрый: “Абнесці плотам возера можна, але толькі пры адной умове: вы возьмеце ў арэнду і кавалак зямлі, якая прылягае да гэтага возера. І гэта ўжо будзе менавіта ваш кавалак зямлі, бо інакш яны даюць толькі вадаём. Хочаце – калі ласка, бярыце кавалак зямлі! Выклікайце геадэзістаў, каб яны зафіксавалі гэта ўсё – і тады, калі ласка, можаце агароджваць, можаце што заўгодна рабіць!”

У астатніх выпадках гаспадар возера можа толькі забараніць лавіць рыбу без дазволу ў арандаваным ім вадаёме. І адначасова спадзявацца на сумленне і ахайнасць усіх наведнікаў. Інакш смецце за “гасцямі” давядзецца прыбіраць зноўку ж гаспадару.



Фота з http://generation.by/

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі