Беларусь па коштах адпачынку зраўнялася з Італіяй
Пры роўных коштах беларусы аддаюць перавагу замежнаму адпачынку. Дый у айчынных санаторыях на іх не вельмі і разлічваюць.
130412_lukashuk_adpachynak.mp3
Пад вустрыцы і адмысловае віно прадстаўнік адміністрацыі італьянскага рэгіёна Апулія спадар Малацеста рэкламуе нераскручаны накірунак беларусам.
Малацеста: “У нас вельмі шмат месцаў, якія можна наведаць, шмат выдатных гатэляў з усімі выгодамі, шмат прыгожых мясцін, якія можна наведаць. Урэшце — выбітная кухня, вядомая на ўвесь свет!”
Але ці можа хай і нераскручаная, але Італія быць цікавая шараговаму беларусу коштам?
Прадстаўнікі беларускіх турфірм упэўніваюць: для сярэдняга класа. Праўда, у коштах крыху “блытаюцца”.
“Кошт — ад 650 еўра на чалавека. Плюс віза. Гэта 8 дзён, 7 начэй, і, як правіла, гэта тры-чатыры зоркі”, — заваблівае журналіста Еўрарадыё супрацоўніца кампаніі “Топ-тур” Вольга Якаўлева.
Намесніца дырэктара агенцтва “Планета мар” Галіна Сяргеева крыху астуджвае: “жнівень будзе каштаваць 1500 еўра”. Але два тыдні адпачынку на пачатку верасня каштуе 1 тысячу еўра на чалавека. І ўпэўнена заяўляе:
“Я скажу адну фразу, якая заб’е любога турыстычнага кліента Беларусі: людзі, якія пакаленнямі выраслі на Турцыі, сёлета могуць скарыстацца адпачынкам у Італіі, бо ён значна таннейшы за адпачынак у Турцыі. У Турцыі беларусы аддаюць перавагу Анталіі, а яна па-вар’яцку дорага каштуе ў гэтым годзе. Італія ляціць на 14 начэй — за два тыдні адпачынку чалавек плаціць 1 тысячу еўра. У Турцыі ён так не адпачне!”
Што самае дзіўнае, і ў Беларусі — таксама! У гэтым упэўнівае размова з супрацоўніцай беларускай базы адпачынку “Чачэлі”, што недалёка ад Мінска.
“Пражыванне цягам двух тыдняў будзе каштаваць мільёнаў 10. Толькі пражыванне — плюс харчаванне яшчэ. За гэта, у прынцыпе, можна з’ездзіць за мяжу”.
Калі дадаць харчаванне, то кошт вырастае за рамкі 1 тысячы еўра. Адпачынак за такія, ці нават крыху меншыя, грошы на радзіме беларускі турыст ніколі не прамяняе на адпачынак за мяжой, упэўнівае рэдактарка газеты “Турызм і адпачынак” Лілія Кобзік. І прычына толькі ў іншых краявідах ды моры.
Лілія Кобзік: “Мы маем пэўную атмасферу ў краіне. І гэтую атмасферу больш за ўсё адчувае менавіта сярэдні клас. І таму калі выбіраюць, куды паехаць летам з сям’ёй, то выбар адназначна на карысць замежжа”.
А ёсць яшчэ непараўнальна высокі сэрвіс, змена клімату, іншыя краявіды і гэтак далей. Пакуль беларускія санаторыі і базы адпачынку выжываюць за кошт расіян. Дый шчыра прызнаюцца, што на іх найперш і разлічваюць.
Фота: Змітра Лукашука