Беларусы ў Варшаўскім сквоце
Як памыцца і прыгатаваць ежу ў закінутым будынку, ды чым займаюцца жыхары сквоту ў польскай сталіцы ў эфіры Еўрарадыё распавяла беларуска Саша.
Саша: Мы – гэта сквот Эльба, гэта найстарэйшы сквот у Варшаве, якому на гэтых выходных споўнілася сем год. Сквот – гэта нелегальна занятая абжытая прастора. Гэта можа быць жыллёвы праект, можа быць як у выпадку з Эльбай культурная і сацыяльная прастора. На гэтых народзінах было сапраўднае свята страўніка, напрыклад было тры гатункі веганскай рыбы, зробленыя з тофу, былі веганскія варыянты традыцыйных беларускіх і польскіх страваў. Было вельмі здорава. Адзінае, што азмрочвала ўсё гэта, тое, што гэтыя народзіны могуць стаць апошнімі, бо літаральна на мінулым тыдні з’явіўся ўладальнік гэтай тэрыторыі, і паабяцаў, што цягам месяца нас там можа не быць. Аднак мы будзем змагацца.
Еўрарадыё: А што было раней у гэтым будынку?
Саша: Раней тут быў завод па вытворчасці паперы. Новы ўладальнік нібыта таксама хоча тут штосьці зрабіць. Але хутчэй за ўсё здарыцца так, як было з так званай старой Эльбай. Раней сквот размяшчаўся па абодва бакі вуліцы, але зараз другой часткі няма, бо аднойчы прыехалі бульдозеры, усё зруйнавалі, і ўжо два гады ўсё стаіць пустым. Зруйнаваць то зруйнавалі, але новае збудаваць – грошай няма.
Еўрарадыё: Але як вы размяшчаецеся ў гэтым старым будынку?
Саша: Тут вельмі цёпла. Вось толькі што я нарубіла сабе дроваў. Увогуле тут пластыкавыя вокны засталіся са старых часоў, то бок гэта не настолькі стары будынак. Мы стараемся карыстацца прынцыпам “зрабі сам” у штодзённым жыцці. Мы самі зрабілі сабе печкі, усё абставілі. Калі я даслала фотаздымкі маёй маці, яна не паверыла, што гэта сквот. Бо ў яе свядомасці сквот – гэта штосьці закінутае, дзе дзьме вецер і валяюцца бутэлькі.
Еўрарадыё: А які ў вас распарадак дня?
Саша: Наш сквот - гэта сацыяльна-культурная прастора. Мне падаецца, што са знікненнем Эльбы андэграўнднае культурнае жыццё Варшавы страціць вельмі шмат. Кожны тыдзень у нас адбываюцца нейкія канцэрты, вечарыны, тут дзейнічае кавярня, адкрытая майстэрня ровараў, сюды прыходзяць дзеці з наваколля, пенсіянеры. Мы пачалі рабіць бібліятэку. Усе гэтыя праекты патрабуюць часу, мы стараемся штодня штосьці рабіць для гэтага.
Еўрарадыё: А ці робіце вы штосьці для развіцця беларускай культуры?
Саша: Мы вельмі шчыльна звязаныя з беларускай культурай. У Варшаве жартуюць, што Эльба - гэта беларускі сквот. У нас шмат беларусаў прыязджае ў госці, мы стараемся рабіць канцэрты беларускіх гуртоў. То бок гэта ўжо шматгадовыя сувязі.
Еўрарадыё: А колькі ў вас беларусаў?
Саша: Насамрэч у нас інтэрнацыянальны сквот: ёсць некалькі беларусаў, ёсць людзі нават з Эстоніі і з Францыі. Гэта пераважна студэнты, або тыя, хто скончыў навучанне і можа займацца рознымі праектамі. Ёсць незалежныя бізнэсмены, напрыклад, адзін хлопец, што займаецца ў нас рамонтам ровараў, распачаў свій незалежны бізнэс, ён перарабляе старыя ровары і вырабляе нейкія эксклюзіўныя мадэлі. Нашыя сябры робяць святы для дзяцей, вучаць іх маляванню, ёсць настаўнікі, філолагі, татуіроўшчыкі, вельмі розныя людзі.
Еўрарадыё: А што вы будзеце рабіць, калі сквот усё ж знясуць?
Саша: Над гэтай тэрыторыяй ужо два гады таму была пагроза знішчэння, але мы гэта абыйшлі. І хоць была ўжо прызначаная дата прыезду бульдозераў, але так ніхто і не прыехаў. Два наступныя тыдні вельмі важныя для нас, таму калі хтосьці хоча і можа нас падтрымаць, аказаць юрыдычную ці медыйную дапамогу, было б вельмі добра. Мне падаецца, што гэта вельмі важнае месца для ўсёй Варшавы.
Еўрарадыё: А хто плоціць за газ, ацяпленне, электрычнасць, і ці яны ўвогуле ёсць у вас?
Саша: Так, у нас усё ёсць, святло ад генератара, газ з газавых балонаў, ваду носім або з бліжэйшай запраўкі, або з крыніцы. Самая актуальная праблема – памыцца. Найчасцей ходзім да сяброў. Але ва Ўроцлаве ёсць такі сквот, які мае і пральню і гарачую ваду і душ. То бок сквоты бываюць вельмі рознымі.