Ці роўныя 500 долараў беларускіх з 800 доларамі расійскіх?

130109_savich_budjet.mp3

Міністр працы і сацыяльнай абароны Марыяна Шчоткіна гаворыць, што пакупніцкая моц беларускіх 500 долараў амаль роўная расійскім 800 доларам заробку:


“Сапраўды, заробкі ў Расіі перавышаюць 800 долараў у лістападзе, а ў нас гэта 495 долараў. Але мне ніхто ніколі не задаваў пытанне, калі ж у нас падвысіцца плата за жыллёва-камунальныя паслугі, дзіцячыя садкі, як у Расіі...”.


Сям’я Людмілы і Андрэя з Баранавічаў атрымлівае на дваіх прыкладна 7,7 мільёна рублёў, гэта амаль па 495 долараў на аднаго. Андрэй — намеснік начальніка на заводзе, яго жонка — працаўніца на заводзе. У сям’і двое дзяцей-падлеткаў. 


Чыстымі Андрэй атрымоўвае прыкладна 540-550 долараў, ці 4,7 мільёна, вось у жонкі заробак не надта — 3,1 мільёна рублёў. Людміла заўважае, што асноўныя выдаткі ідуць на ежу.


“Ідзіце ў магазін і вазьміце 100 тысяч рублёў. Што вы купіце на гэтыя грошы? Хлеб, літр малака, смятаны і маленькі кавалачак каўбасы. Але на колькі гэтага хопіць?” — пытаецца жанчына. Яе, як і большасць, здзіўляюць кошты.


“Яблыкі: кілаграм — 9800, беларускія. Хіба кілаграму на дзень хопіць? Не наесціся, не ўсялякія там дыеты яблычныя, а проста дзеля здароўя хаця б адзін яблык. Бананы — 14 тысяч кілаграм, а рыба? Зараз рыба такая ж дарагая, як мяса, а для дзяцей вельмі неабходна”.


Другі пункт выдаткаў — вопратка.


“У нас падлеткі, і хочацца, каб дзеці былі апранутыя добра, а гэта вельмі дорага”, — кажа Людміла. Муж яе падтрымлівае: “Купіў нейкую куртку, пры савецкім часе быццам балоневая — не ведаю, як яны зараз называюцца. 1,5 мільёна! За куртку!” — кажа Андрэй.


Астатнія выдаткі — камуналка, дызель-паліва на машыну, харчаванне дзяцей у школе і па дробязях — складаюць каля 1,2 мільёна:

“На камуналку выдаткоўваем прыкладна 300 тысяч рублёў, але ў нас ацяпленне рэгулюецца, і мы выключаем нават, каб эканоміць”, — кажа Андрэй і заўважае, што дазволіць сабе адпачынак дзесьці на моры не можа. Па-першае, вельмі загружаны на працы, па-другое, банальна не хапае грошай. Таму — дача.


Сям’я расіян са Смаленску Святлана і Аляксандр Пастункавы жывуць таксама на ўвесь заробак, але асабліва не эканомяць на сабе. Агульны даход на сям’ю — 30 тысяч расійскіх рублёў (на беларускія — 8, 4 мільёна).


Святлана расказвае, што камунальная плата за кватэру — 16% ад агульнага заробку, ці 5 тысяч рублёў (1,4 мільёна беларускіх). Паводле слоў расіянкі, за 10 тысяч расійскіх (ці за нашыя 2,8 мільёна) можна адзецца ўсёй сям’і да майткоў.


“Мужчынскія боты — 500 рублёў, джынсы — 350…”, — кажа жанчына. У пераводзе на беларускія грошы гэта капейкі (на нашы боты каштуюць 140 тысяч рублёў, джынсы — трошкі больш за 100 тысяч). Такія кошты хіба што ў прадуктовай краме...


У Беларусі таксама можна апрануцца на гэтыя 2,8 мільёна, але толькі аднаму чалавеку, бо не аднаразовыя боты ў нас каштуюць каля мільёна. Святлана здзіўляецца і беларускім коштам, бо на адпачынак яны ездзяць… да нас:


“У нас хлеб, малако таннейшыя, чым у вас, садавіна, гародніна таксама”.


На дзіцячы садок расіянка Святлана выдаткоўвае 2 тысячы расійскіх рублёў у месяц (ці каля 500 тысяч на беларускія). У Мінску дзіцячы садок за месяц каштуе 100 тысяч рублёў з харчаваннем, але ў гэты кошт не ўваходзяць дадатковыя заняткі. Адзін гурток каштуе 90 тысяч рублёў за месяц!


У адрозненне ад беларускай сям’і, расіяне могуць адкладваць грошы і на чорны дзень ці на адпачынак. Як мінімум 11 мільёнаў рублёў на нашы грошы за год.


“У год мы можам адкласці мінімум  40 тысяч рублёў”, — кажа Святлана.

Жанчына заўважае, што ў яе сям’і не прынята ні ў чым сабе адмаўляць. То бок адкладанні могуць быць і больш: калі захочуць паехаць да мора ці ў Удмуртыю, за паўгода яны могуць назбіраць 60 тысяч рублёў і нават болей.


Атрымліваецца, беларуская сям’я, якая асабліва не шыкуе і прытрымліваецца “савецкіх канонаў” — нічога лішняга, жыве гэтак жа, як і сям’я з Расіі, але з агаворкай, што расіяне могуць адкладваць грошы і апранацца на 320 долараў у месяц.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі