Дзверы ў Еўранэст для Беларусі адчыняцца пасля наступных выбараў
Але толькі, калі выбары ў Палату прадстаўнікоў будуць свабоднымі і дэмакратычнымі.
3 траўня нарэшце стартаваў доўгачаканы парламенцкі орган Усходняга Партнёрства — адбыўся ўстаноўчы сход Парламенцкай Асамблеі Еўранэст, але без Беларусі. Нагадаем, Еўрапарламент не прызнае беларускі парламент дэмакратычна абраным.
Доўгі час прапаноўваўся альтэрнатыўны варыянт, каб у Еўранэст увайшлі не 10, а 5 беларускіх дэпутатаў, а астатнія пяць месцаў занялі прадстаўнікі апазіцыі. Але афіцыйны Мінск катэгарычна настойваў на 10 месцах, як і ва Ўкраіны, Малдовы, Азербайджана, Грузіі і Арменіі.
Вось што ў інтэрв'ю тэлеканалу "РТР-Беларусь" казаў прэс-сакратар беларускага Міністэрства замежных спраў Андрэй Савіных менш чым два месяцы таму:
"Сапраўды, гучалі прапановы пачаць працу Еўранэста без Беларусі. Але гэта не больш як прапановы асобных дэлегацый, а нават асобных палітыкаў. Ніякага рашэння аб запуску Еўранэста ў такім фармаце прынята не было".
Аднак Еўрапарламент прыняў рашэнне аб запуску Еўранэста без Беларусі яшчэ ў лютым.
Па словах старшыні Дэлегацыі Еўрапарламента ў Еўранэсце Крысціяна Вігеніна, стандарты правядзення апошніх прэзідэнцкіх выбараў, жорсткі разгон акцыі пратэсту і наступныя рэпрэсіі сталі апошняй кропляй. Але назаўжды дзверы ў Еўранэст для нашай краіны не зачыняюцца — да наступных свабодных парламенцкіх выбараў.
Крысціян Вігенін: "Еўрапарламент і парламенты краін гатовыя і далей супраўнічаць з Беларуссю, каб і яна як мага хутчэй далучылася да Асамблеі. Пасля наступных свабодных выбараў мы запросім беларускіх парламентарыяў заняць месцы ў Еўранэсце".
Паводле Крысціяна Вігеніна, абранага састаршынём Еўранэста разам з украінскім дэпутатам Барысам Тарасюком, спецыяльная працоўная група, створаная пры Еўранэсце, будзе дапамагаць беларускім уладам правесці наступныя парламенцкія выбары ў адпаведнасці з дэмакратычнымі стандартамі.
Ежы Бузэк на адкрыцці Еўранэста таксама падкрэсліў, што дэпутаты з Беларусі ў парламенцкім органе вітаюцца, але толькі калі яны будуць абраныя на свабодных і сумленных выбарах. Па словах старшыні Еўрапарламента, трэба, каб Еўранэст быў рэальнай, а не віртуальнай арганізацыяй.
Ежы Бузэк: "Еўранэст — гэта не пустыя словы, за ім мусяць стаяць канкрэтныя справы. Як мага хутчэй павінны быць эканамічныя вынікі, бо грамадзяне нашых краін чакаюць дабрабыта!"
Спрыяць гэтаму будуць створаныя пры Еўранэсце камітэты: па палітычных пытаннях, эканамічных, па энэргетычнай бяспецы, а таксама па культуры ды адукацыі.
Нагадаем, Еўранэст — гэта парламенцкі орган ініцыятывы Ўсходняе Партнёрства. Яна створаная Еўрасаюзам у 2009 годзе для збліжэння з усходнееўрапейскімі краінамі.