Дзяржаўныя СМІ з рэгіёнаў “піяраць” кандыдатаў ад улады
Еўрарадыё разам з праваабаронцамі прааналізавала публікацыі ў рэгіянальных газетах.
Дзяржаўныя СМІ з рэгіёнаў з асаблівым імпэтам стараюцца “піярыць” праўладных кандыдатаў. Пра гэта кажуць прадстаўнікі грамадскай кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары”, якія апошнім часам выявілі шэраг парушэнняў выбарчага заканадаўства з боку рэгіянальных СМІ. Паводле слоў старшыні Беларускага Хельсінскага камітэта Алега Гулака, кандыдаты, якія выступаюць “за стабільнасць”, з'яўляюцца на старонках газет значна часцей за канкурэнтаў ад апазіцыі.
Алег Гулак: “Нам паведамляюць нашыя назіральнікі, што ў рэгіянальных СМІ на працягу апошніх месяцаў з’яўляецца інфармацыя пра кандыдатаў, якіх відавочна падтрымлівае ўлада. Маюцца на ўвазе некаторыя з дзеючых парламентарыяў альбо кіраўнікі на месцах”.
Так, паводле вынікаў маніторынгу, газета Баранавіцкага гарвыканкама “Наш край” увогуле пазбягала тэмы выбараў. Праўда, супрацоўнікі выдання гэтага не заўважылі. На пытанне Еўрарадыё, ці праходзяць у іх публікацыі пра выбары, намеснік галоўнага рэдактара газеты “Наш край” Зоя Саракавік упэўнена адказвае: "Так".
“Канечне, праходзяць! Усё друкуем, асабліва што тычыцца “афіцыйных” кандыдатаў. Як толькі ў краіне паведамілі пра дзень выбараў, пакрысе і пачалі”.
Аднак на пытанне, ці паведамлялася на старонках выдання што-небудзь пра баранавіцкіх кандыдатаў ад апазіцыі — Аляксандра Галькевіча, Рыгора Грыка і Мікалая Чарнавуса, рэдактарка газеты "Наш край" адказвае ўжо не так ўпэўнена.
Зоя Саракавік: “Па-першае, задавайце гэтае пытанне галоўнаму рэдактару, а па-другое, мы не ведаем, хто будзе і што будзе”.
Некаторыя дзяржаўныя СМІ з рэгіёнаў ужо пачалі ўсхваляць кандыдатаў ад улады, парушаючы тым самым заканадаўства. Нагадаю, агітацыя можа пачацца толькі пасля 13 жніўня, то бок пасля рэгістрацыі кандыдатаў у дэпутаты. Тым часам газета “Голас Сенненшчыны” яшчэ 20 ліпеня пачала ўсхваляць дзеючага парламентарыя ад Сенненскага раёна Аляксандра Папкова, які зноў збіраецца ў дэпутаты.
У артыкуле паведамлялася пра тое, што Папкоў “заасфальтаваў шэраг вуліц”, “вырашыў праблему газіфікацыі” і калі яго зноў абяруць дэпутатам, “у далейшым могуць разлічваць на дапамогу чалавека, які мае вопыт работы на пасадах рознага ўзроўню”.
Аднак аўтар артыкула журналіст Аляксандр Лазюк пераконваў Еўрарадыё, што ўсё гэта не агітацыя, а цытаванні з выступлення на канферэнцыі намесніка старшыні Сенненскага райвыканкама Любові Трубекі.
“Вы ведаеце, я напісаў толькі пра тое, пра што казалі на канферэнцыі. Мы — толькі люстэрка. Так што прэтэнзіі пра агітацыю прад’яўляйце да Любові Трубекі. Можа вы і маеце рацыю, але любое нашае слова можна расцаніць па-рознаму, а па-другое, вы таксама агітуеце, толькі ў дадзеным выпадку супраць кандыдата”, — адзначыў Аляксандр Лазюк.
“Датэрміновы піяр” праўладных кандыдатаў актыўна адбываецца і на Гомельшчыне. Тут у кармянскай раённай газеце "Зара над Сожам" рэкламуюць патэнцыйнага кандыдата, цяперашняга дэпутата Палаты прадстаўнікоў Сяргея Канопліча. Такім чынам кандыдаты ад улады дзякуючы дзяржаўным СМІ маюць у некалькі разоў больш магчымасцяў прабіцца ў парламент, чым прадстаўнікі апазіцыі, адзначае старшыня БХК Алег Гулак.
Алег Гулак: “Гэта звычайная праблема, калі кандыдаты, якія займаюць высокія дзяржаўныя пасады, парламентарыі, маюць нашмат больш інфармацыйных матываў, каб прысутнічаць у СМІ. Гэта праблема не толькі беларускіх, але і дэмакратычных выбараў. А ў нас на гэта яшчэ накладваецца і дзяржаўная прапаганда”.
Дарэчы, не лепш за рэгіёны сітуацыя выглядае і ў сталіцы. Паводле звестак праваабаронцаў, мінскія газеты не багата пішуць пра кандыдатаў у дэпутаты. Значна больш увагі яны надаюць інфармацыі пра працэдуру галасавання, акруговыя выбарчыя камісіі ды іх склад.