Эксперт: Пры мінімальнай перапрацоўцы нафты хопіць толькі на тыдзень

Перапрацоўка нафты на беларускіх НПЗ знізілася напалову, а сыравіны хопіць толькі на тыдзень. Ды і тое, калі перапрацоўваць мінімальныя аб’ёмы. Такое меркаванне ў размове з Еўрарадыё выказала эксперт у нафтавай галіне, журналістка Таццяна Манёнак.

Таццяна Манёнак:
“Перапрацоўка ўжо знізілася на палову і нават больш ад ранейшага. І нават прэс-служба канцэрна “Белнафтахім” казала, што да канца студзеня хопіць запасаў нафты. Яно прыкладна так і ёсць — нафты мала. Прыкладна, на тыдзень гэтых запасаў яшчэ хопіць. Але маючы на ўвазе, што гэта перапрацоўка будзе мінімальнай”.

Еўрарадыё паспрабавала даведацца, якая сітуацыя на сённяшні дзень з запасамі нафты не беларускіх нафтаперапрацоўчых заводах і ці не чакаюць нас перабоі з палівам на аўтазапраўках. Начальнік аддзела маркетынгу Мазырскага НПЗ Іван Стрыжоў запэўніў, што аўтааматарам хвалявацца няма чаго: паліва дастаткова.

Іван Стрыжоў: “Перабояў не павінна быць: зараз паліва дастаткова”.

Але размаўляць наконт паставак расійскай нафты адмовіўся. Сітуацыю не каментуе і “Белнафтахім”: прэс-сакратар канцэрна... хварэе.

Нагадаем, пасля перамоваў прэм’ер-міністраў Беларусі і Расіі Міхаіла Мясніковіча і Уладзіміра Пуціна, якія прайшлі ў Маскве 20 студзеня, было заяўлена, што расійская нафта пачне паступаць на беларускія нафтаперапрацоўчыя заводы ўжо цягам тыдня. Але ў панядзелак, 24 студзеня, гэтага не здарылася, нягледзячы на тое, што “Транснафта” планавала ад пачатку студзеня перакачаць на беларускія НПЗ 1,5 мільёна тон нафты. Пра гэта Еўрарадыё заявіў прэс-сакратар расійскай кампаніі Ігар Дзёмін.

Ігар Дзёмін: “Прыкладны аб’ём, які планавалася пракачаць, — 1,5 мільёна тон. Гэта не азначае, што дакладна 1,5 мільёна тон мусілі быць перакачаныя. Але гэта той аб’ём, які мы планавалі перакачаць. Мы зыходзілі з тых заявак, якія звычайна давалі на перапрацоўку НПЗ Беларусі. Але гэтыя 1,5 мільёна так і не пачалі пракачвацца. Бо ніводнай заяўкі мы так і не атрымалі”.

“Планавалася пракачаць 1,5 мільёна тон. Але нафта так і не пачала пракачвацца. Бо ніводнай заяўкі мы так і не атрымалі”.

 
А паколькі дамовы на пастаўкі нафты падпісаныя не былі, зарэзерваваную для Беларусі сыравіну пачалі перакачваць на іншыя заводы — як расійскія, так і ўкраінскія.

На думку Дзёміна, Мясніковіч і Пуцін не маглі дамовіцца на пастаўкі нафты. Паводле яго словаў, палітыкі ў гэтым пытанні няма ніякай — адна чыстая эканоміка. Проста не было дасягнутае паразуменне па коштах, і расійскім нафтаздабытчыкам не выгадна гандляваць з Беларуссю.

Ігар Дзёмін: “Дамову па кошце не падпісваюць прэм’ер-міністры. Прэм’ер-міністры могуць аказваць нейкі ціск на нафтавыя кампаніі, нешта яшчэ. Падаваць пляцоўку для перамоў. У нас жа нафтавая галіна, у адрозненне ад газавай, прайшла праз поўную прыватызацыю. Нам нафтатрэйдар павінен сказаць: “Мы дамовіліся аб продажы”. Той, хто валодае нафтай, — той і выбірае накірунак. Калі нафтатрэйдару нявыгадна ісці на беларускі завод — ён не ідзе туды. Гэта не пытанне каманды. Гэта пытанне кошту”.

З тым, што пытанне паставак нафты — эканамічнае, згодная і Таццяна Манёнак. Так, згодна з яе словамі, продаж за мяжу нафтапрадуктаў складае 23% ад усяго імпарту нашай краіны. Але ж нафта выкарыстоўваецца для гэтага ў асноўным расійская. Адпаведна, расіяне хочуць мець больш выгод для сябе ад такога гандлю. А для гэтага патрабуюць, каб ім дазволілі як мага больш перапрацоўваць бяспошліннай нафты на беларускіх НПЗ, каб умовы гэтай перапрацоўкі былі аднолькавыя для ўсіх і г.д. Але і без палітыкі не абыходзіцца.

Таццяна Манёнак: “Паводле неафіцыйнай інфармацыі, былі спробы дамовіцца з некаторымі расійскімі кампаніямі, пайсці на некаторыя саступкі для іх — каб яны ўзнавілі пастаўкі нафты. Але, нягледзячы на тое, што былі зробленыя заявы, што гэта не палітычнае пытанне, а спрэчка на ўзроўні суб’ектаў гаспадарання, з Масквы была перасцярога, што ўзнаўляць пастаўкі пакуль што не трэба”.

Дацэнт Маскоўскага дзяржаўнага інстытута міжнародных адносінаў Кірыл Коктыш дадае, што Масква проста ўмела перавяла беларускае пытанне са сферы палітычнай і сферу эканамічную.

Кірыл Коктыш: “Безумоўна, тут ёсць палітыка. Але Масква не будзе і не здольная палітычна ставіць пытанне па Беларусі. І заявіўшы, што тыя ўмовы, якія ёсць, — гэта спрэчка двух гаспадарчых суб’ектаў, па сутнасці, ператварыла тыя праблемы, якія ўчора маглі быць вырашаныя палітычна, на прэзідэнцкім узроўні, у праблемы тэхнічныя — і таму невырашальныя. Ці вельмі цяжка вырашальныя”.

Таму, нягледзячы на тое, што прыватныя нафтавыя кампаніі Расіі губляюць грошы на непадпісаных кантрактах з Беларуссю, ім выгадней пачакаць, пакуль нашае кіраўніцтва саступіць патрабаванням Масквы. І, на думку Таццяны Манёнак, мы да гэтага вельмі блізка.

Таццяна Манёнак: “Быццам бы беларускі бок пагаджаецца палову імпарту расійскай нафты аддаць расійскім кампаніям-давальцам. А таксама дамовяцца аб аднолькавых умовах працэсінгу на беларускіх нафтаперапрацоўчых заводах”.

І адзначыла, што наперадзе нас чакае павышэнне кошту паліва на аўтазапраўках. Праўда, тлумачыцца гэта не “капітуляцыяй” перад расійскімі нафтавікамі, а сусветным ростам цэн на нафту.

Нагадаем, у адпаведнасці з міжурадавым пагадненнем, Беларусь з 1 студзеня можа набываць расійскую нафту без пошлін. Нашая краіна ўжо ўзгадніла магчымасць імпарту амаль 22 мільёнаў тон сыравіны. Аднак бакі не могуць дамовіцца адносна формулы кошту паставак нафты. Расійскія кампаніі прапанавалі закласці ў цану дадатковыя 45 долараў. На іх думку, гэта дазволіць забяспечыць роўнадаходнасць пры экспарце Беларуссю нафтапрадуктаў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі