Кошт “свежаніны” можа падскочыць на 10-15%

З траўня дзейнічаюць новыя правілы забою жывёлы на прыватных падворках. Калі хочаш закалоць свайго парсюка (ці карову, цяля, каня), вязі жывёлу ў спецыяльную ўстанову, дзе здзейсняць экспертызу, забой і выдадуць на рукі адпаведныя дакументы. Толькі тады можна прадаваць.

Новыя парадкі не распаўсюджваюцца на грамадзян, якія збіраюцца забіваць жывёлу ў асабістых гаспадарках для ўласнага спажывання.

“Прыняцце правіл у тым ліку абумоўлена складанай сітуацыяй у сумежных краінах па небяспечных захворваннях, у тым ліку агульных для чалавека і жывёлы: яшчур, бруцэлёз, класічная і афрыканская чума свіней і гэтак далей”, — тлумачыць Еўрарадыё Вольга Срэднева, прэс-сакратар Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання. 

Забой жывёлы, якую селянін захоча прадаць, павінен адбывацца на спецбойнях, якія сёння ёсць не ў кожным раёне. Спачатку разглядалася пытанне аб забоі жывёлы на прамысловых прадпрыемствах. Але там шчацінне са скуры парсюка прыбіраюць кіпнем, і “сала-па-хатняму” гаспадары жывёлы ў выніку не атрымаюць.

Селянін павінен будзе сам даставіць жывёлу на месца і заплаціць за “ліквідацыю” 100-кілаграмовага парсюка пад 320 тысяч рублёў. Такім чынам, кошт на свежаніну можа падскочыць на 10-15%.

“Буду і далей біць свіней дома і прадаваць людзям. Таму прыязджайце, — рэкламуе сваю прадукцыю Пётр К., селянін з Рэчыцкага раёна, які не гатовы пакуль прыняць новыя правілы. — Вунь людзі да мяне наведваюцца, цэлымі рассекамі забіраюць. Кілаграм — 45 тысяч. І гавораць: як браць мне ў магазіне калгаснае, што ад скуркі нельга ўгрызці, дык я прыехаў, у цябе ўзяў, абсмаленае, засаліў і смачна хоць паеў. А ў калгасе не смаляць, а кіпнем апарваюць”.

Еўрарадыё: Можа ж быць, што свіння апынецца хворай…

Пётр: "Ну, я даю дадаткі, а як маленькія, дык ім жалеза не хапае. Жалеза пакалоў, і прышчэпак  ніякіх не робяць — і мяса смачнейшае. Я неяк год на свінакомплексе працаваў, дык там парсюкам прышчэпкі робяць. Як ні ёсць — гэта хімія".

У інтэрнэт-аб’явах — сотні прапаноў набыць хатняе мяса. Ацэньваецца, што нават на рынках у некаторых райцэнтрах цягам года прадаюць каля тысячы тон такой прадукцыі.  

“Пра новыя правілы ведаем, але працаваць будзем, як і раней, — абяцае Ігар, супрацоўнік фермерскай гаспадаркі, што функцыянуе ў Мінскай вобласці. — Свініна будзе хатняя, асмаленая, ніякай апаркі. У мяне запіс на два тыдні наперад. Кілаграм — 38 тысяч. З раніцы мы дамовіліся на дастаўку: свіння б’ецца, асмальваецца, і праз дзве гадзіны ўжо прывязём мяса ў Мінск.

Выглядае, што прывіць беларусам новыя правілы будзе няпроста.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі