Ладуцька: Працоўны праект рэканструкцыі “Дынама” рыхтуюць у Беларусі

“Гэта быў конкурс на канцэпцыю рэканструкцыі. Гэта быў не праект, а ідэалогія праекта”, ― распавядае кіраўнік Мінгарвыканкама Мікалай Ладуька падчас “гарачай лініі”.

Яўген Валошын: То бок гэта быў толькі малюнак, знешні выгляд, так?

Мікалай Ладуцька: Не толькі знешні выгляд, яшчэ і набор дадатковых рашэнняў, якія дапамагаюць комплексна ацаніць пераўтварэнне стадыёна “Дынама”. Таму, безумоўна, у аснову праекта будуць пакладзены канцэптуальныя рашэнні нямецкай кампаніі. Яна будзе ўдзельнічаць у якасці праектнай арганізацыі ў распрацоўцы працоўнага праекта.

Яўген Валошын: Звычайна паведамляецца магчымы кошт, на які пацягне рэканструкцыя. А ў дадзеным выпадку пра канкрэтныя сумы ніхто не кажа. Ці вызначыліся з коштам?

Мікалай Ладуцька: Гэта была канцэпцыя, яна не вызначала кошт. А сёння на падставах канцэпцыі ў Беларусі будзе распрацоўвацца працоўны праект, і падчас гэтага будзе сфармаваны яго кошт. Сёння мы маем разліковыя паказчыкі, параўнальныя, аналітычныя. Наша задача ― рабіць усё так, каб гэта было прафесійнае рашэнне, аптымальнае рашэнне, вартае нашага горада. Але пры гэтым грошы любяць лічэнне. Грошы неабходна лічыць.

Яўген Валошын: На вока працы праводзяцца павольна. Пачалі першага снежня і дагэтуль не разабралі трыбуну, якую ў народзе называюць “брыль”.

Мікалай Ладуцька: Вы пад’едзьце туды, калі ласка, паглядзіце.

Пад’язджаем на “Дынама”. Брама цэнтральнага ўваходу ― замкнутая. На пляцоўцы ляжыць чырвона-сіняя канструкцыя, падобная на вежавы кран. Ля яе ―  бетонныя кавалкі, адбітыя ад задняй часткі “брыля”. Зайшоўшы на стадыён, бачым рабочых, якія здымаюць сінія сядзенні з іншай трыбуны пад “брылём”. То бок працы па разборы стадыёна вядуцца. Але відавочна, што заканчэнне рэканструкцыі ўвосень 2014-га года, як патрабаваў прэзідэнт, будзе фантастыкай.

Нягледзячы на ашчаднасць падчас рэканструкцыі, можна ўжо сёння ўявіць, у колькі абыдзецца “Дынама”. Кампанія GMP, да прыкладу, выступае праектнай арганізацыяй у будаўніцтве шэрагу стадыёнаў.

“Амазонія Арэна” ў бразільскім Манаўсе, паводле інфармацыі газеты Spiegel, абыдзецца ў 200 мільёнаў еўра. А адно пасадачнае месца пацягне на 4700 еўра.

Стадыён у Калінінградзе, які збіраюцца збудаваць да чэмпіянату свету-2018, пацягне на 210 млн еўра. А кошт аднаго пасадачнага месца складзе каля 4770 еўра.

Кошт аднаго пасадачнага месца падчас рэканструкцыі кіеўскага стадыёна “Алімпійскі” склаў каля 5270 еўра.

Згодна з досведам па названых стадыёнах, рэканструкцыя “Дынама” можа пацягнуць на суму ад 180 мільёнаў еўра ― куды больш, чым вымагаў праект венгерскай кампаніі Graboplan, ад чыіх паслуг адмовіліся.

У кожным разе кошт аднаго пасадачнага месца падчас будаўніцтва ці рэканструкцыі сучаснага стадыёна абыходзіцца ад 3000 еўра. Такім чынам, рэканструкцыя “Дынама” павінна абысціся мінімум ад 120 мільёнаў еўра.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі