На 100.000 да Нясвіжскага замка прымалявалі… праваслаўныя крыжы! (фота)

Банкнота наміналам 100 тысяч рублёў была ўведзеная ў абарачэнне сем гадоў таму — 15 ліпеня 2005 года. Аднак толькі днямі наш пільны cлухач з Нясвіжа заўважыў сенсацыю: на адвароце банкноты на замкавых вежах прымаляваныя… праваслаўныя крыжы! Хоць сярод князёў Радзівілаў не было праваслаўных! Крыжы добра відаць нават простым вокам — праверце зараз! Хоць у арыгінале, на малюнку Напалеона Орды, зробленым 26 ліпеня 1876 года, добра бачныя радзівілаўскія арлы.

Банкнота, выпушчаная ў 2005 годзе

Павялічаны малюнак вежаў. Крыжы вельмі дакладна чытаюцца!

А вось так было ў Напалеона Орды

На іншым малюнку Орда таксама паказаў гэтага арла на вежы

Гэтыя арлы добра відаць і на фотаздымках пачатку XX стагоддзя.


Дзіўна, але, у Нацбанку крыжы… ніколі не заўважалі. Згаджаецца нешта неафіцыйна патлумачыць Анатоль Драздоў, які 14 гадоў адпрацаваў прэс-сакратаром галоўнага банку краіны, але цяпер ужо мае іншую працу. Спадар Анатоль пацвярджае, што пра крыжы ў Нацбанку гаворка ніколі не заходзіла.

Анатоль Драздоў: “Упершыню чую! Вось вы сказалі — трэба будзе пайсці паглядзець гэтую купюру. У той час, калі я працаваў у Нацыянальным банку, такое пытанне ніхто не задаваў. Ніхто на іх увагі, на гэтыя крыжы, не звяртаў”.

Анатоль Драздоў. Фота: aif.by

Нацбанк трымае ў таямніцы імёны мастакоў, якія працуюць над банкнотамі.

Анатоль Драздоў: “Ведаеце, гэта лічыцца таямніцай, дзяржаўнай — прозвішчы мастакоў, якія працуюць над банкнотамі. Такая інфармацыя закрытая, і не толькі ў нас, а ў шмат якіх краінах — дзеля бяспекі гэтага чалавека”.

У кожным разе, вінаваціць мастака альбо некага канкрэтна не выпадае, бо любая купюра праходзіць шматступеневую сістэму ўзгадненняў. То бок, прамаргаў (ці спецыяльна не заўважыў) не нехта адзін, а Нацбанк у цэлым.

Анатоль Драздоў: “Любы ўзор новай банкноты зацвярджае праўленне Нацыянальнага банка. У Нацыянальным банку ёсць падраздзяленне, якое па заданні кіраўніцтва банка працуе над банкнотай. Пасля таго, як з’яўляецца ўзор, малюнак — ён зацвярджаецца кіраўніцтвам Нацбанка. Пасля чаго старшыня праўлення ставіць на гэтых узорах свой подпіс — і яны робяцца законным сродкам плацяжоў. Гэта калі каротка, насамрэч працэдура даўжэйшая”.

Пытаемся ў Анатоля Драздова, ці рэальна гэта — выправіць нешта на купюры, якая ўжо даўно знаходзіцца ў абарачэнні. Спадар Анатоль прыводзіць у прыклад купюру наміналам 50 тысяч рублёў. Паводле старых правілаў арфаграфіі на ёй значылася “пяцьдзЕсят тысяч”, але калі правілы змяніліся, на банкнотах выправілі на “пяцьдзЯсят”.

Анатоль Драздоў: “Калі вырашана нешта змяніць — ці ў напісанні нейкіх словаў, ці ў дызайне купюры — прымаецца афіцыйнае рашэнне, пасля чаго выпрацоўваецца новы дызайн ці мяняецца напісанне. Новы ўзор накіроўваецца на фабрыку, дзе друкуюцца грошы. А яны могуць друкавацца ў розных краінах, бо ў нас няма сваёй вытворчасці банкнот. І проста старыя купюры будуць хадзіць нароўні з новымі да свайго фізічнага зносу. Абсалютна нічога складанага няма — 50 тысяч замянілі ж!”

Першы намеснік старшыні Беларускага саюза мастакоў Рыгор Сітніца кажа, што перамалёўваць нацыянальную класіку — малюнак Напалеона Орды — варварства!

Рыгор Сітніца

Рыгор Сітніца: “Ні ў якім разе! Гэта варварства, інакш гэта назваць нельга! Незалежна ад таго, пра што мы гаворым — пра грошы, пра карціну, пра копію карціны… Творы Напалеона Орды — гэта нацыянальная класіка, і адвольна яе трактаваць ніхто не мае права, а тым больш вульгарна трактаваць”.

Цікава, а як ставіцца праваслаўная царква да таго, што на замку каталіцкіх князёў Радзівілаў намалявалі праваслаўныя крыжы? У епархіі нас накіроўваюць па каментар да айца Сергія Лепіна.

Айцец Сергій: “Вядома, паводле канонаў, крыжы не павінны выяўляцца на тых аб’ектах, якія не з’яўляюцца царквою”.

Айцец Сергій Лепін

 

Аднак айцец Сергій не лічыць, што на гэтым малюнку мастак неяк зняважыў рэлігійны сімвал.

Айцец Сергій: “Крыж выяўлены не на канюшні ці нейкім непрыстойным месцы. Мы бачым, што ніякага кепскага жадання ў аўтара не было, не было жадання зрабіць крыўду праваслаўным. Магчыма, нехта западозрыць аўтара ў адваротным — што ён хацеў зрабіць крыўду каталікам. Але я не думаю, што гэта так. Гэта проста, як кажуць, аўтар перастараўся”.

 

Айцец Сергій выказвае меркаванне, што мастак, наадварот, хацеў “зрабіць праваслаўным прыемнае”.

 

Айцец Сергій: “Я не думаю, што тут ідзе гаворка пра нейкую непавагу. Тут мы можам западозрыць аўтара ў адваротным — у жаданні зрабіць нам прыемнае, калі так можна выказацца. Але ясна, што выява ў такім выглядзе не можа прэтэндаваць на гістарычную дакладнасць”.

Калі будзе прынятае рашэнне выправіць хібу на купюры, то давядзецца змяняць і пярэдні бок, бо адкрыты пасля рэстаўрацыі замак выглядае ўжо не так.

  1. 1. На левай і правай галерэях унізе замест вокнаў і дзвярэй зроблена аркада.
  2. 2. На трэцім паверсе палаца створаныя балконы (якіх раней, дарэчы, не было).
  3. 3. У замкавым двары цяпер няма ніякай расліннасці (на купюры — кветкі і дрэва).
  4. 4. Змененыя дахі галерэяў: дададзеныя дэкаратыўныя вежачкі, мансардавыя вокны павялічаныя і зробленыя іначай.
  5. 5. На трэцім паверсе галерэяў замест глухіх квадратных вокнаў устаўленыя шыбы.
  6. 6. Абапал усіх вокнаў з ляпніны зробленыя ліштвы.
  7. 7. Над галоўным корпусам з’явіўся флагшток.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі