Новы год: з футрам у Грэцыі альбо з чупакабрай у Мінску?

121227_eurafokus.mp3

“Гэты Новы год, спадзяюся, буду адзначаць у сталіцы Швецыі Стакгольме. Бо ўсе іншыя гады адзначала ў Мінску ці іншых гарадах Беларусі з сябрамі альбо з бацькамі. Усё звыкла, добра, традыцыі, але захацелася нейкай змены”, — дзеліцца з Еўрарадыё сваімі планамі мінчанка Юлія.

Мы вырашылі даведацца, якія яшчэ краіны прывабліваюць беларускіх турыстаў у навагоднюю ноч.

“Вельмі карысталася папулярнасцю калядная і навагодняя Чэхія. Экскурсійны тур вельмі добра прадаваўся, і ў пачатку снежня амаль усё было прададзена. Папулярная сустрэча Новага года ў Егіпце. Прадавалася Турцыя, Львоў. Гэта самыя папулярныя кірункі”, — распавядаюць у турыстычнай кампаніі “АлатанТур”.

У турфірме “Росбелтурызм” адзначаюць жаданне беларусаў сустрэць Новы год у “бліжэйшым замежжы”: Кракаве альбо Будапешце. Кошты тураў на 3-4 дні пачынаюцца са 110 еўра.

Паводле слоў намесніцы дырэктара “Росбелтурызма” Наталлі Таберка, усё больш і больш беларусаў аддаюць перавагу святкаванню Новага года за мяжой.

Наталля Таберка: “Раней навагоднія туры не карысталіся такой цікавасцю. На рынку з’явілася шмат праграм-тураў менавіта навагодніх. Гэта не пакінула абыякавымі турыстаў. Думаю, што на 30 адсоткаў попыт на гэтыя туры вырас, калі параўноўваць з мінулым годам”.

Традыцыйна шмат беларусаў праводзяць Каляды і Новы год у суседняй Вільні. Віленскі інфармацыйна-турысцкі цэнтр падчас святаў летась налічыў 255 чалавек з Беларусі (менавіта тых, хто звярнуўся па даведку ў Віленскі інфармацыйна-турысцкі цэнтр). У гэтым годзе чакаюць значна больш, кажа супрацоўніца цэнтра Зіта Букена.

Зіта Букена: “Ужо атрымалі шмат пытанняў і па электроннай пошце, і тэлефанаванняў, як сустрэць Новы год, якія экскурсіі замаўляюць у цэнтры”.

Але разам з тым Еўрарадыё знайшло і некалькі нетрадыцыйных варыянтаў сустрэчы Новага года. Так, турыстычная кампанія “Солвекс” прапануе так званыя шуб-туры,  якія ў тым ліку выпадаюць і ў ноч з 31 снежня на 1 студзеня.

“Чалавек плаціць 1 еўра, яму бясплатна адкрываюць візу і тур, і пражыванне ў гатэлі бясплатнае. Іх возяць па фабрыках, і яны мусяць набыць футра на кошт 1200 еўра. Іх спансуюць вось гэтыя фабрыкі. І ёсць заезд 30-га на Новы год і сустрэча Новага года ў Салоніках у 5-зоркавых гатэлях”, — распавядае Еўрарадыё супрацоўніца кампаніі Ганна.

А яшчэ адна турфірма, “Долсан”, некалькі месяцаў таму прапанавала за 150 тысяч рублёў сустрэць Новы год з чупакабрай.

Але, нягледзячы на невялікую цану, вялікага ажыятажу прапанова не выклікала.

Турфірма “Долсан”: “Не карысталася асабліва папулярнасцю. Але некаторыя людзі, канешне ж, знайшліся, якія зацікавіліся”.

Фота: sophisti.pl

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі