Парады “рэвалюцыянерам” ад міліцыі

Прэс-сакратар сталічнай міліцыі Аляксандр Ластоўскі напісаў неафіцыйныя парады, як правільна сябе паводзіць на “плошчы”, каб не быць затрыманым, і што рабіць, калі вы ўсё ж трапілі ў пастарунак. Парады размешчаныя ў Твітары і ЖЖ ГУУС Мінгарвыканкама.

"Гэта пазіцыя асабіста прэс-сакратара. Напэўна, я меў права такім чынам паступіць", — гаворыць Аляксандр Ластоўскі.

1. Абавязкова (!) папярэдзіце бацькоў куды ідзеце — каб яны ведалі, дзе вас шукаць у выпадку затрымання.

2. Абавязкова (!) вазьміце з сабой пашпарт — для паскарэння разгляду ў РАУС у выпадку вашага затрымання.

3. Алкагольнае ап'яненне — абцяжарвае віну, таму “ні-ні”перад "плошчай".

4. Не бярыце з сабой незарэгістраванай сімволікі, колюча-рэжучыя прадметы і прадметы, якія траўмуюць.

5. Не бярыце так усімі любімыя аб'ёмныя заплечнікі — адразу прыцягнеце увагу міліцыянтаў і яны правераць іх.

6. Не лезьце з роспытамі да супрацоўнікаў міліцыі і не перашкаджайце ім — яны пры выкананні, закон за гэта сурова карае.

7. Улічвайце, што здымкі на мабільныя тэлефоны могуць стаць прычынай канфліктнай сітуацыі.

8. Не паддавайцеся правакацыям — вы для арганізатараў "мяса", яны будуць вас падштурхоўваць на парушэнне законаў.

9. У Еўропе разганяюць вадамётамі, кулямі і газам. У Мінску — выцясняюць. Не даводзьце сітуацыю да “еўрапейскай” ...

10. Калі вы на “Плошчы” — то вы правапарушальнік, з усімі вынікаючымі. Будзьце гатовыя да затрымання і штрафу паводле арт.23.34 КоАП.

"Гэта мая асабістая ініцыятыва, але, у прынцыпе, яна атрымала нармальнае развіццё, — кажа Ластоўскі. — Толькі таму, што ўсе мы былі маладымі, дух бунтарства, прага новых прыгод усімі намі рухала. Таму для тых, хто не пачуў нашыя ўгаворванні праз сайт ГУУС, — для іх я склаў 10 актуальных парадаў. Калі вы ўсё ж вырашылі ўдзельнічаць у несанкцыянаваных мерапрыемствах, гэтыя парады дапамогуць адэкватна ацэньваць свае паводзіны. Парады накіраваныя на тое, каб малады чалавек, які вырашыў прыняць удзел, з найменшымі стратамі адтуль выйшаў".

У інтэрнэце парады прынялі па-рознаму. Арганізатары акцыі падзякавалі і размясцілі свае правілы паводзінаў. У нечым яны супадаюць.

Што нельга рабіць на плошчы:

— Распіваць спіртныя напоі і знаходзіцца ў алкагольным, наркатычным або таксічным ап'яненні;

— выкрыкваць лозунгі;

— мацюкацца;

— выбягаць на праезную частку (рухаемся толькі па ходніках);

— не пераходзім на чырвонае святло святлафора;

— прыносіць сімволіку і агітацыйныя матэрыялы;

— правакаваць міліцыю сваімі паводзінамі;

— прыносіць дадатковыя элементы, па якіх можна вас распазнаць і вылучыць з масы людзей;

— ладзіць мітынгі (калі нехта выступае, а ўсе астатнія слухаюць);

— падбіваць людзей ісці куды-небудзь;

— спяваць песні (для таго, каб выказаць пазіцыю, слоў не трэба, дастаткова толькі нас — як было гэта мінулым разам);

— паліць на плошчы не забараняецца (бо няма закона, які забараняе гэта), але давайце не будзем даваць прадажным журналістам магчымасці “паказваць”, якія мы “дрэнныя”.

— усе сітуацыі ўлічыць складана, таму ўсе незапланаванае — правакацыя.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі