Польская амбасада не збіраецца падаваць у суд на БТ

Заява беларускага тэлебачання, што ў Польшчы прыгнятаюцца правы беларускай меншасці, выклікала абурэнне польскага амбасадара ў нашай краіне Лешака Шарэпкі. Дыпламат вырашыў звярнуцца з абвяржэннем праз незалежныя СМІ.

Лешак Шарэпка: “Звычайна мы не каментуем тое, што кажа ваша тэлебачанне, але тое, што было ўчора, выйшла за межы, і мы вырашылі, што трэба сказаць праўду. Бо там закранулі пытанне меншасцяў, а тут трэба быць вельмі карэктнымі”.

Па словах амбасадара, дзяржаўнае тэлебачанне абвінаваціла польскі бок у тым, што Польшча нібыта выганяе з Беластока “Беларускі культурны цэнтр”. Не ўдакладніўшы — куды. Сітуацыя ж, кажа дыпламат, выглядае такім чынам, што “выганяюць” іх у Варшаву.

Лешак  Шарэпка: “У нас прынята так: калі дыпламатычны супрацоўнік працуе не ў сталіцы краіны, а ў консульскай акрузе ён мае статус консульскай установы, а не дыпламатычнай. У іх жа супрацоўнікаў гэтага “Беларускага культурнага цэнтра” статус дыпламатычных супрацоўнікаў, а не консульскіх. Мы прапанавалі, каб яны памянялі гэта згодна з прынятай практыкай”.

Больш за тое, адпаведныя кансультацыі на гэты конт паміж беларускім і польскім Міністэрствамі замежных спраў пачаліся яшчэ ў кастрычніку 2010 года. Працягнуліся яны ў траўні 2011. І дзіўным чынам менавіта 19 верасня, на наступны дзень пасля скандальнага сюжэта БТ, польская амбасада атрымала адказ з беларускага МЗС — праект пагаднення датычна культурных цэнтраў.

Лешак  Шарэпка: “Там сказана, што Польшча адкрывае “Польскі інстытут у Мінску”, а Беларусь адкрывае “Культурны цэнтр” у Варшаве. Але гэта не перашкода для таго, каб у будучыні, ці нават паралельна, адкрываць культурныя цэнтры ў іншых гарадах. Але згодна з практыкай, калі цэнтры будуць адчыняцца ў іншых гарадах, яны павінны працаваць на тэрыторыі консульскай акругі, а не на тэрыторыі ўсёй краіны”.

Што ж тычыцца адносінаў да нацыянальных меншасцяў, то, кажа амбасадар, не далей як на мінулым тыдні ён наведаў Воранаўскі, Лідскі і Ваўкавыскія раёны. У першым, паводле афіцыйных звестак жыве 82% палякаў, у другім — траціна ад усіх жыхароў раёна, у трэцім — 25%.

Лешак  Шарэпка: “Напрыклад, у Воранаўскім раёне польскую мову вывучае толькі 50 чалавек. І тое як замежны прадмет. У Лідскім раёне няма ніводнай дзяржаўнай школы з польскай мовай толькі некалькі недзяржаўных. У Ваўкавыскім раёне 1 школа, дзе навучанне ідзе на польскай мове, і там вучыцца крыху больш за 180 вучняў. Сітуацыя такая, што толькі 12% ад тых, хто лічыць сябе этнічным палякам, увогуле разумее польскую мову!”

А выгляд Польскага дома ў Лідзе прывёў амбасадара ў жах.

Лешак Шарэпка: “Я там бачыў такія трэшчыны ў сценах гэтага дома, што ён абрынецца праз год ці два. Гэта добры сімвал палітыкі некаторых людзей у адносінах да палякаў Беларусі”.

У Польшчы ж, кажа амбасадар, зусім іншае стаўленне да беларускай меншасці: усе жадаючыя могуць вучыцца на беларускай мове, ёсць цэнтры беларускай культуры ў розных гарадах, выходзяць беларускамоўныя газеты. І ўсё гэта фінансуецца дзяржавай.

Еўрарадыё пацікавілася, ці будуць з нагоды гэтага тэлевізійнага скандалу польскія ўлады накіроўваць афіцыйную ноту пратэсту ў беларускі МЗС. Але па словах амбасадара, яны вырашылі абмежавацца яго сустрэчай з прадстаўнікамі незалежных СМІ. Не збіраюцца яны і судзіцца з БТ ці наўпрост патрабаваць ад кіраўніцтва дзяржаўнага канала абвяржэння сказанага. Але не выключыў, што гэты інцыдэнт можа яшчэ больш пагоршыць беларуска-польскія ўзаемаадносіны.

Фота: Змітра Лукашука

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі