Паліна Рэспубліка: Песні пад гітару ў сваім выкананні слухаць не магу!
Маладая спявачка прызналася, што ўжо знаёмая з роляй маці, распавяла пра сваю другую мару і назвала прычыну, па якой звязалася з Hasta la Fillsta.
... Упершыню ў жыцці да мяне на вуліцы падышоў хлопец і запытаў маё імя. Я кажу: “Ну, Паліна”. А ён: “Ах, дык гэта вы! А я чую, такі знаёмы голас!”
Еўрарадыё: Пасля тваёй перамогі на “Бардаўскай восені” пра цябе сталі часта ўзгадваць. Ці адчуваеш ты сваю папулярнасць? Як ставішся да свайго новага статусу?
Паліна Рэспубліка: Ведаеце, сваю “папулярнасць” я дакладна адчула днямі. Таму што ўпершыню ў жыцці да мяне на вуліцы падышоў хлопец і запытаў маё імя. Я кажу: “Ну, Паліна”. А ён: “Ах, дык гэта вы! А я чую, такі знаёмы голас!” Мы акурат гралі ў гульню “Адрыў”. Дык вось, мне было вельмі прыемна, таму што ўсё-такі з-за таго, што ёсць інтэрнэт і я не ведаю, хто мяне ведае, адкуль ведае, слухае - не слухае… Таму гэтая падзея – сапраўды прыемнасць.
Еўрарадыё: Як ставяцца бацькі да тваіх поспехаў? Ці ходзяць яны на твае канцэрты?
Паліна Рэспубліка: Мае бацькі радасныя і шчаслівыя за мяне. З таго часу, як я пачала недзе ўдзельнічаць з уласнымі песнямі, яны час ад часу ходзяць на канцэрты. Вось апошні раз маці была наведала імпрэзу, дзе я выступала з “Босым Сонцам” і “J:Морс”. Яна была пад такім уражаннем! Вельмі прыемна, калі твой родны чалавек табой ганарыцца – і яму, і табе ад гэтага добра.
... Я такі чалавек, якому складана займацца адной справай...
Еўрарадыё: Чаму ты вырашыла стаць рэжысёрам тэлебачання а не прафесійнай спявачкай? Што табой кіравала ў выбары прафесіі?
Паліна Рэспубліка: На той момант мне не хацелася рабіцца прафесійнай спявачкай. Аднак зараз я не супраць атрымаць музычную адукацыю. І таму знаходжуся ў нейкіх роздумах. Цяпер я вучуся на першым курсе і часам думаю пра тое, каб перавесціся на гукарэжысуру, бо мне гэта бліжэй. Але ўсё-такі прафесія і спецыяльнасць рэжысёра тэлебачання – гэта невялікі бонус, гэта з аднаго боку, таксама творчасць, але іншая творчасць. У мяне ў жыцці можа быць такі адпачынак. Таму што я такі чалавек, якому складана займацца адной справай, увесь час захапляцца нечым адным. Мне патрэбныя перапынкі. І з-за таго, што ёсць гэты баланс, яно так цікавей. Таму будзем глядзець, што далей атрымаецца.
Еўрарадыё: А чым прывабіла цябе рэжысура тэлебачання?
Паліна Рэспубліка: Прывабіла больш рэжысура. Але я вырашыла, што не маю свядомай рацыі быць рэжысёрам тэатра ці мастацкага кіно. І так здарылася, што яшчэ ў 10 класе я задумалася пра тое, куды мне пайсці і знайшла ў Акадэміі мастацтваў курсы. І там былі курсы толькі на рэжысуру тэлебачання, на якія я хадзіла, хадзіла, і мне, у прынцыпе, спадабалася. І наступны год я прахадзіла на гэтыя курсы і паступіла ў Акадэмію маствацтваў. А яна, у сваю чаргу, паспрыяла маім творчым поспехам.
...На сцэне я даўно...
Еўрарадыё: Каго з беларускіх спявачак слухала ў дзяцінстве і слухаеш зараз?
Паліна Рэспубліка: Нядаўна я пазнаёмілася з Ганнай Хітрык. І я нават не думала, што для мяне гэта будзе такая падзея! Так, я слухала “Дзецідзяцей” і гэта была свая вельмі музыка.
Еўрарадыё: Што паўплывала на тваё жаданне займацца музыкай?
Паліна Рэспубліка: Мяне аддалі ў музычную школу, і яшчэ ў першым класе настаўніца па хоры заўважыла, што ў мяне ёсць вакальныя здольнасці. Да 11-12 гадоў я даволі часта спявала розныя дзіцячыя песенькі. То бок, даўно ўжо на сцэне (смяецца). Пасля праз праблемы са звязкамі ўсё неяк спынілася. А пасля таго, як я напісала першыя песні, усё аднавілася і пачаўся асноўны на гэты час этап маёй творчасці. Да таго ж у мяне музычная сям’я – бабуля спявае, маці з музычнай адукацыяй. У нашым доме заўсёды музыка гучала, гучыць і будзе гучаць.
“Дык гэта ж мая песня! А яны нешта з ёй робяць! А, мама дарагая”
Еўрарадыё: Некаторыя людзі ўсё жыццё застаюцца бардамі і добра сябе адчуваюць у гэтым амплуа. Чаму табе стала сумна ў дуэце з гітарай і ты пагадзілася на эксперыменты з Hasta la Fillsta?
Паліна Рэспубліка: Мяне заўсёды не задавальняў гэты дуэт, але гэта самы просты варыянт музіцыравання. Я лічу, што мае песні, калі я выконваю іх пад гітару – гэта малюнкі, намаляваныя алоўкам. То бок, гэта як эскіз, і я, напрыклад, іх слухаць не магу (смяецца). У мяне шмат неверагодных ідэй і музычных планаў, я ведаю, чаго б мне хацелася паспрабаваць зрабіць, і спадзяюся, што ўсё атрымаецца. І што будзе яшчэ трыа з кім-небудзь (смяецца). Ну і з Hasta la Fillsta таксама і працуем. Мне з імі цікава і весела.
Паліна і "Хаста"
Еўрарадыё: Наколькі цябе задавальняе той матэрыял, які ў вас атрымоўваецца? Ці не шкада ўласных песень?
Паліна Рэспубліка: Вядома, часам у мяне прачынаецца нейкая рэўнасць: у нейкі момант унутры пачынаю абурацца: “Дык гэта ж мая песня! А яны нешта з ёй робяць! А, мама дарагая”(смяецца). Але часцей за ўсё адбываецца так, што мне неяк нязвыкла спачатку, а потым падабаецца.
Еўрарадыё: А ты спрабуеш адстойваць сваё меркаванне? Бо гэтыя тры дарослыя дзядзькі могуць сказаць: “Цыц, Паліна, ты тут памаўчы ў сваіх 17 гадоў!”
Паліна Рэспубліка: (Смяецца) На шчасце, яны так не кажуць, і заўсёды пытаюцца маёй думкі на той ці іншы конт… Шмат крытычных меркаванняў я ўжо чула наконт гэтай нашай першай спробы. Але я стаўлюся да іх абсалютна нармальна, бо я, як спявачка, выношу з гэтага супрацоўніцтва добры досвед.
Еўрарадыё: То бок, каментарыі кшталту, што табе не патрэбны ніякі гурт, што ты – самадастатковая адзінка не паўплываюць на тваё далейшае супрацоўніцтва з “Хастай”?
Паліна Рэспубліка: Ну, я бачу ў гэтым сэнс. Па-першае, у нас няма такога, што ўсё, я з Hasta la Fillsta, і мы разам назаўсёды. Мы ўсё-такі дзве розныя творчыя адзінкі. Яны сваё імя захоўваюць і маё падтрымліваюць сваёй творчасцю. Я не хачу ўсё жыццё праспяваць у дуэце з гітарай. Таму буду адгукацца на прапановы, якія палічу цікавымі.
...Я ехала адна, і ўжо пачала ўяўляць сабе, як я кідаю гітару і выскокваю з цягніка ў траву.
Еўрарадыё: Нягледзячы на непрацягласць твайго творчага шляху, ты паспела даць канцэрты ў беларускіх гарадах. Які канцэрт табе запомніўся больш за ўсё?
Паліна Рэспубліка: Самым экзатычным канцэртам для мяне стаў канцэрт у Гродне. Па-першае, цягнік, які мусіў мяне адвезці ў Гродна, ужо паехаў. І проста нейкім чароўным чынам я ўскочыла ў гэты цягнік з гітарай. Не надта цвярозыя мужчыны, убачыўшы мяне, запыталі: “А вы куды?” – “У Гродна”, - кажу. “Дык гэта ж не ў Гродна!” Я ехала адна, і ўжо пачала ўяўляць сабе, як я кідаю гітару і выскокваю з цягніка ў траву. Але ўсё-такі цягнік апынуўся маім. Па-другое, у горадзе, куды я ехала, у мяне не было ніякіх знаёмых, а толькі людзі, якія мяне запрасілі. Было прыемна даведацца, што нават у Гродне мае слухачы… У кожным горадзе ёсць свае асаблівасці і людзі, якіх пасля хочацца ўспамінаць. Раю часцей выпраўляцца ў вандроўкі па Беларусі – можна шмат цікавага даведацца пра краіну.
Еўрарадыё: Тваёй першай марай быў выступ у Графіці. Яна здзейснілася. Ці значыцца ў тваіх марах пакарэнне “Басовішча”?
Паліна Рэспубліка: Так, так! Гэта ж другая мара! (смяецца). Хачу на “Басовішча”. Яшчэ ў мінулым траўні я праглядала ўмовы конкурсу. Але ж у мяне не было ні запісаў, ні музыкаў, і я разумела, што пакуль рана туды імкнуцца.
Еўрарадыё: Але запісы мусяць хутка з’явіцца…
Паліна Рэспубліка: Так! Вось будзе канцэрт 8 красавіка, потым травень, потым сесія, а потым лета! А за лета можна чаго толькі не нарабіць!
...дзесьці з 13 гадоў мяне ўжо клічуць “маці”
Еўрарадыё: 8 красавіка табе стукне 18 гадоў. Некалі ў 18 гадоў дзяўчына мусіла ўжо быць замужам і нарадзіць як мінімум адно дзіця. У наш час 18 год – гэта свайго роду мяжа юнацтва і дарослага жыцця. Ты можаш сябе ўявіць у ролі маці?
Паліна Рэспубліка: У ролі маці я магу сябе ўявіць вельмі лёгка, таму што ў мяне два малодшыя браты. Аднаму з іх два гады, другому – шэсць. То бок, дзесьці з 13 гадоў мяне ўжо клічуць “маці”, жадаюць: “поспехаў, поспехаў вам” і зычаць трэцяга, таму што мы звычайна разам ходзім гуляць. Але ж з-за таго, што частка майго дзяцінства, жорстка скажу, сапсавалася, зараз мне карціць яшчэ пажыць такім сапраўдным юнацкім жыццём. У маім жыцці ўсё будуецца згодна дэвізу “небу так трэба”. І калі аднойчы сустрэнецца менавіта “той” чалавек, то чаму б не? Мне б хацелася быць маладой маці - здаецца, што нешта ў гэтым ёсць.
Еўрарадыё: Наколькі падабаецца табе твой узрост?
Паліна Рэспубліка: Вельмі падабаецца! Таму што гэта тая мяжа, калі ты яшчэ не вельмі дарослы, каб сумаваць па дзяцінстве, і ў цябе ўжо хапае розуму, каб разумець тое, наколькі класна, што наперадзе яшчэ столькі рэчаў, якія ты ніколі ў жыцці не рабіў. Вось гэтае адчуванне неверагоднай свабоды вельмі акрыляе.
Пішуцца! На шчасце, пішуцца!
Еўрарадыё: Адсвяткаваць свой Дзень нараджэння ты збіраешся вялікім сольным канцэртам у Графіці. Якім чынам будзе выглядаць твой дзень 8 красавіка?
Паліна Рэспубліка: Маці мне заўсёды кажа: “Ты не сумуй і памятай, што свята, якое ты хочаш зрабіць, ты мусіш рабіць сама”. Дагэтуль было так, што прачыналася ў я гэты дзень з добрым настроем, а вечарам ужо ўсё было не вельмі. У гэтым годзе я вырашыла, што будзе ўсё па-іншаму. Гэта першы раз, калі ў мяне такія складаныя адчуванні ад дня нараджэння, бо, з аднаго боку – гэта свята, а з іншага – яшчэ і канцэрт! І хвалюешся, як усё пройдзе, што трэба зрабіць, каб усім спадабалася. Спадзяюся, што ўсё будзе, як трэба!
Еўрарадыё: І калі пра планы ты не любіш гаварыць, скажы толькі адно: песні новыя пішуцца?
Паліна Рэспубліка: Пішуцца! На шчасце, пішуцца! (смяецца).