Прысуды за “непалітычнае” хуліганства: 10 чалавек за 10 хвілін. Без сутак
Еўрарадыё наведала Дом правасуддзя, каб убачыць, як судзяць “апалітычных” хуліганаў, выпівох і брыдкаслоўцаў.
На суд з Акрэсціна прывезлі 10 чалавек. Затрыманыя ў выходныя за “распіцце ў неналежным месцы” ды іншае “дробнае хуліганства”, дзевяць мужчын і адна жанчына ў чаканні суда правялі за кратамі хто суткі, хто двое.
Гасцям з Акрэсціна загадваюць чакаць у калідоры. Чаканне зацягнулася амаль на дзве гадзіны — менавіта гэтая зала спатрэбілася для разгляду іншай справы.
За гэты час памятых і няголеных “арыштантаў” некалькі разоў завялі пад канвоем у прыбіральню і адзін раз — на вуліцу пакурыць. Справа набліжаецца да абеда і сталы мужчына ў пінжаку разняволена прапаноўвае маёру з суправаджэння звадзіць іх у сталоўку, што знаходзіцца побач па калідоры.
Раптоўна з канцылярыі выходзіць супрацоўніца суда, перадае маёру-канваіру стос спраў і называе нумар пакоя. Той, прыхапіўшы аднаго з правапарушальнікаў, рушыць па названым адрасе. І праз дзве хвіліны хлопец з моцна памятым тварам і ў такой жа майцы вяртаецца і абвяшчае: “Тры базавыя!”. Следам ідуць і так жа хутка вяртаюцца яшчэ двое. Такі ж прысуд — 200-300 тысяч штрафа. А суткі?
З чарговай партыяй рушыць і карэспандэнт Еўрарадыё. Высвятляецца, што парушальнікаў “судзяць” у працоўным пакоі суддзі. Пакуль сакратарка высвятляе, ці можа на “судовым пасяджэнні” прысутнічаць журналіст, у пакой заходзяць і, затрымаўшыся там ледзь на хвіліну, выходзяць яшчэ два “акрэсцінцы”.
У пакой суддзі, дзе адбывалася правасуддзе, журналіста так і не пускаюць. І забараняюць карыстацца дыктафонам і фотакамерай. Нягледзячы на тое, што такія суды — адкрытыя, можа прысутнічаць хто заўгодна. Але гэта не зашкодзіла адсачыць, што на тое, каб асудзіць усю кампанію, суддзі спатрэбілася не больш за 10-12 хвілін. Усе яны атрымалі штрафы.
Менавіта ў гэтым судзе 30 жніўня судзілі за “дробнае хуліганства” — лаянку — адміністратара апазіцыйнай суполкі ў сацыяльных сетках Паўла Еўціхіева. Ён, як і яго “калега” Андрэй Ткачоў, атрымалі зусім іншыя прысуды.
“Асуджаныя яны па артыкуле 17.1 — гэта “хуліганка”, нібыта яны лаяліся матам. І аднаму далі 5 сутак, другому — 7. Ткачоў прызнаў віну, а Еўціхіеў не прызнаў. Але абодва будуць абскарджваць гэта рашэнне”, — распавядае праваабаронца Алеся Якубоўская.
На думку праваабаронцы, прысуд на суткі за “дробнае хуліганства” суддзі выкарыстоўваюць найчасцей для пакарання актывістаў апазіцыі. Звычайных, апалітычных выпівох і брыдкаслоўцаў яны, як правіла, караюць штрафамі. Пацвярджае гэта ў размове з Еўрарадыё і адзін з адвакатаў, які практыкуе адміністрацыйныя справы. Паводле яго слоў, суткі па артыкуле 17.1 — выключная справа. За краты адпраўляюць звычайна тых, у каго няма грошай на штраф. І тлумачыць, як суддзя выбірае пакаранне: суткі, буйны штраф ці мінімальны — на свой погляд. Гэтым “сваім поглядам” суддзя вырашае, які прысуд хутчэй прывядзе асуджанага на шлях выпраўлення.
Але супраць пакарання суткамі за мацюкі ў размове з Еўрарадыё выступалі і міліцыянеры, і нават старшыня аднаго з раённых судоў Гомельскай вобласці.
Суддзя: “Арышт да 15 сутак — крайняя мера. Суд заўсёды ацэньвае: працуе чалавек ці не, прыцягваўся раней ці не. Калі на ім, да прыкладу, 8 штрафаў вісіць, а ён не плаціць, нідзе не працуе, то што суду рабіць? Можа быць і арышт. І фабула патрэбная таксама: адна рэч, калі нехта ладзіць бойку на аўтобусным прыпынку ці б’е вітрыны, і іншая — калі хтосьці дзесьці мацюкнуўся”.
Супраць такой правапрымяняльнай практыкі выказваецца нават былы генпракурор Рыгор Васілевіч.
Рыгор Васілевіч: “Судовая практыка павінна прынцыпова змяніцца — павінна быць адзінства гэтай практыкі. Павінна быць адпаведнасць гэтай практыкі Канстытуцыі і міжнародным стандартам. Сярод грамадзян трэба працу праводзіць з мэтай развіцця прававой культуры. Прававая ідэалогія павінна быць. Але найперш — практыка прымянення. А то ж у нас 3 мільёны адміністрацыйных правапарушэнняў на 10 мільёнаў грамадзян!”
Фота: str3.by