Скалечаную жанчыну і яе цяжарную дачку высяляюць з інтэрната
Жыллёвы кодэкс гэтага не забараняе.
20 гадоў пражыла ў інтэрнаце магілёўскага будтрэста №12 сям'я Пупыровых. Спачатку ўтраіх — бацька, маці і дачка. Інтэрнат Пупыровым далі дзякуючы таму, што на будтрэсце працаваў бацька. Аднак пасля таго як Пупыровы развяліся і бацька сышоў з інтэрната, уладкавацца на будтрэст давялося і маці Ірыне Пупыровай, каб не страціць жыллё.
Аднак сёлета з ёй здарыўся няшчасны выпадак, пасля якога жанчыну звольнілі і выселілі з інтэрната разам з дачкой. Распавядае праваабаронца Барыс Бухель, які азнаёміўся са справай Пупыровых і спрабуе ім дапамагчы.
Барыс Бухель: “Калі лекары рабілі ёй ўкол, патрапілі ў нерв. У выніку аднялася нага. Даказаць вінаватасць медыкаў не змаглі, але жанчына больш не магла працаваць на будоўлі. І яе звольнілі”.
Паводле заканадаўства, калі асоба працуе на прадпрыемстве больш за 10 гадоў, то можа пакінуць за сабой пакой у інтэрнаце нават пасля звальнення. Аднак Ірына Пупырова адпрацавала ў будтрэсце менш за 10 гадоў. Не змагла яна дамагчыся ні першай, ні другой груп інваліднасці, якія б таксама згодна з законам, гарантавалі ім з дачкой месца ў інтэрнаце.
Больш за тое, калі б працаўніцу звольнілі па стане здароўя, паводле Жыллёвага Кодэксу, яна б мела поўнае права захаваць за сабой пакой, але адміністрацыі прадпрыемства гэта, відаць, было нявыгадна.
“Мама хацела, каб яе звольнілі па стане здароўя, аднак, яны звольнілі па ўзгадненні бакоў”, — распавядае Еўрарадыё дачка былой працаўніцы будтрэста Марына.
Калі маці і дачцэ Пупыровым паведамілі, што яны павінны пакінуць інтэрнат, жанчыны паспрабавалі вырашыць праблему асабіста з генеральным дырэктарам Будтрэста №12 Дзмітрыям Марозавым.
“Марозаў нам адмовіў, сказаў, што вольных пакояў у інтэрнаце няма. Мы напісалі ліст у гарвыканкам. Нам усюды адмаўляюць”, — кажа дачка Марына Пупырова.
А потым высветлілася яшчэ адна акалічнасць: Марына цяжарная, а бацька дзіцяці і блізка не збіраецца жаніцца. Але і ў дадзеным выпадку Жыллёвы Кодэкс нічога не гарантуе: паводле дакумента, высяляць з інтэрната не маюць права адзінокіх маці, якія маюць непаўналетніх дзяцей. Пра цяжарных у кодэксе ні слова.
“У мяне ў жываце ўжо дзіця. Як яны могуць мяне высяляць? Уявіце сабе: я нараджу ў канцы снежня, і мне не будзе куды нават прапісаць сваё дзіця. У райвыканкаме нам параілі здымаць кватэру. А хто нас прапіша? Як потым хадзіць з дзіцём у паліклініку? Атрымліваецца, грамадзянін Рэспублікі Беларусь без прапіскі. Гэта ўвогуле нейкі жах!”, — абураецца Марына.
Суд па справе высялення з інтэрната маці і дачкі Пупыровых адбудзецца 21 жніўня. Пасля гэтай даты, хутчэй за ўсё, жанчыны апынуцца на вуліцы. Вядома, калі суддзя не пашкадуе іх і не прыдумае, як дапамагчы, і разам з тым не парушыць Жыллёвы Кодэкс. Але такі сцэнарый, наўрад ці магчымы.
Выява: “Права на жыллё“. Малюнак: Дзіяна Вялічка, 9 год; http://kurjer.info