Сёння стануць вядомыя 6 прэтэндэнтаў на прэмію Гедройца
11 лютага будзе агучаны кароткі спіс прэтэндэнтаў на сёлетняга лаўрэата літаратурнай прэміі імя Ежы Гедройца.
Заяўкі падавалі аўтары сарака трох кніг, якія былі выдадзеныя ў 2012 годзе. З іх месяц таму журы склала спіс з дванаццаці намінантаў. Гэта Сяргей Балахонаў, Альгерд Бахарэвіч, Алена Брава, Адам Глобус, Паліна Качаткова, Уладзімер Някляеў, Андрэй Пакроўскі, Алесь Пашкевіч, Людміла Рублеўская, Юрый Станкевіч, Уладзімір Сцяпан і Андрэй Федарэнка. Сёння гэты спіс скароціцца напалову, паведамляе Радыё Свабода.
Нагадаем, cярод узнагародаў прэміі імя Ежы Гедройца ― магчымасць выдаць кнігу ў Польшчы, літаратурныя стыпендыі і запрашэнні ў еўрапейскія дамы творчасці.
Ежы Гедройц (Erzy Gedroyc, 1906 — 2000) ― публіцыст, палітык, заснавальнік і рэдактар парыжскага грамадска-палітычнага часопіса “Kultura” на польскай мове. Нарадзіўся ў 1906 годзе ў Мінску. У сваёй культурнай дзейнасці быў паслядоўным прыхільнікам добрасуседзкіх адносінаў паміж Польшчай, Беларуссю, Літвой і Украінай.