У Брэсце больш за год не рамантуецца дарога з тысячай ямінаў

Гаворка ідзе пра ўчастак дарогі ў мікрараёне Паўднёвы, які злучае вуліцы Ракасоўскага і Жукава. Жыхары мікрараёна налічылі каля 1000 выбоін на дарожным пакрыцці працягласцю ўсяго ў 500 (!) метраў. Са словаў каардынатара гарадской структуры "Гавары праўду!" Ігара Маслоўскага, аб'ектыўных прычынаў, з якіх рамонт не робіцца, няма. Раней рамантаваць дарогу не было сэнсу, бо па ёй штодня да будоўлі праязджала шматтонная спецтэхніка. Аднак будаўнічыя працы ў гэтым раёне ўжо даўно скончыліся, расказвае Ігар Маслоўскі:

"Сітуацыя цікавая ў тым, што яна склалася не пасля зімы, а цягнецца ўжо больш за год. За гэты час улады не выконваюць свае прамыя абавязкі, за што прадугледжана адміністратыўная адказнасць. Сапраўды, там ішла новабудоўля, але тым не менш яна ўжо даўно скончылася, фактычна год назад. Безумоўна, што кожны дзень сітуацыя толькі пагаршаецца".

Паводле слоў Ігара Маслоўскага, дадзены ўчастак дарогі з'яўляецца фактарам павышанай рызыкі. Яго стан уяўляе сабой небяспеку для ўсіх удзельнікаў руху, а не толькі для кіроўцаў, якія штодня "падлічваюць яміны падвескай сваіх аўтамабіляў".

Працягвае Ігар Маслоўскі:

"Гэта не дарога, а проста жах. Па ёй кожны дзень праязджаюць сотні машын, там ходзяць сотні людзей, там ходзяць дзеці ў гімназію №6. Людзі ідуць-ідуць па тратуары, а потым тратуар знікае — і трэба парушаць правілы: альбо выходзіць на праезную частку, альбо ісці па зялёнай зоне".

Заяўляльнікі ў сваім лісце патрабуюць неадкладна прывесці дарогу ў годны стан. У межах новай кампаніі "Тысяча і адна яміна" актывісты "Гавары праўду!" распачалі збор подпісаў. Разам са зваротам іх накіруюць у Гарвыканкам, Гарадскі Савет дэпутатаў і ДАІ вобласці. Менавіта гэтыя структуры адказныя за стан гарадскіх дарог у горадзе.

Рубрыка “Самаабарона” спецыяльна для праграмы Кардыяграма

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі