У "чорны спіс" ЕС дадалі беларускіх пракурораў, суддзю і бізнэсоўца
Еўрасаюз забараніў уезд на сваю тэрыторыю Андрэю Кажэўнікаву, Людміле Грачовай, Кірылу Чубкаўцу і Ўладзіміру Пефціеву.
"Чорны спіс" Еўрасаюза папоўнены чарговымі беларускімі чыноўнікамі. Сёння афіцыйнае выданне ЕС апублікавала дадатак з чатырох чалавек.
У яго патрапіў Андрэй Кажэўнікаў, які быў пракурорам на працэсе Някляева, Фядуты, Рымашэўскага, Вазняка, Дзмітрыева і Палажанкі. Не зможа паехаць у Еўрасаюз суддзя Ленінскага суда Мінска Людміла Грачова, якая асудзіла экс-кандыдатаў у прэзідэнты Уса і Статкевіча, а таксама групу ўдзельнікаў Плошчы. Таксама ў спіс патрапіў Кірыл Чубкавец, які быў дзяржабвінаваўцам на гэтым працэсе.
У спіс неўязных у ЕС патрапіў і бізнэсмен Уладзімір Пефціеў ("асоба, набліжаная да Лукашэнкі і яго сям'і"), супраць фірмы якога "Белтэхэкспарт" (яна гандлюе зброяй) учора рашэннем Савета ЕС былі ўведзеныя санкцыі. Яго часопіс права ЕС называе "галоўным эканамічным дарадцам Лукашэнкі і галоўным эканамічных спонсарам яго рэжыма".
Такім чынам, у "чорны спіс" ЕС ужо ўваходзіць 192 асобы — беларускіх чыноўнікаў, "сілавікоў", пракурораў, суддзяў, прапагандыстаў.
Нагадаем, апошні раз спіс неўязных пашыраўся Еўрасаюзам 23 траўня. У яго патрапілі адказныя за рэпрэсіі супраць апазыцыі і грамадзянскай супольнасці ў Беларусі — агулам 13 чалавек.
Еўрасаюзам адкрытыя і два новых "чорных спісы" — з пералікам прадпрыемстваў ("Белтэхэкспарт", "Спорт-пары" і "БТ Тэлекамунікацыі") і з пералікам "рэчаў, якія могуць быць скарыстаныя для ўнутраных рэпрэсій", а таму забароненых для продажу Беларусі.
Глядзі таксама:
Ранейшы варыянт "чорнага спісу" беларускіх чыноўнікаў, складзены Еўрасаюзам
Савет ЕС растлумачыў, якім чынам можна выйсці з "чорнага спісу"
Беларусы з “чорнага” спіса: Перад кім нам скардзіцца?!
Фота — rus.ruvr.ru