У Польшчы распачаўся праект для маладых дызайнераў з Беларусі

Упершыню праект быў рэалізаваны летась асацыяцыяй "Этнаграфічная майстэрня" пры фінансавай падтрымцы Польскага МЗС.

Кандыдыты на ўдзел у этна-праекце мусяць мець дыплом па спецыяльнасці "дызайнер" альбо вучыцца на старэйшых курсах па гэтай самай спецыяльнасці. Акрамя таго, прыняць удзел у праекце могуць асобы не старэйшыя за 30 гадоў.

Шаснаццаць маладых дызайнераў сустрэнуцца ў Варшаве, пасля накіруюцца ў Кракаў, дзе ў мясцовым этнаграфічным музеі вядомыя польскія майстры падзеляцца з імі досведам у стварэнні прадметаў мастацтва на аснове этнаса. Другая частка праграмы будзе адбывацца ў Беларусі.

Аднак, у параўнанні з мінулагодняй праграмай, ёсць нязначныя змены. Пра іх Еўрарадыё распавяла кардынатарка праекта Алена Трафімава:

"На некалькі дзён мы ўсёй групай выедзем за горад, каб кожны меў магчымасць папрацаваць над сваім праектам, натхняючыся прыродай. Летась праектная праца была перамешаная з ворк-шопамі, а сёлета мы вырашылі спачатку натхняцца, а ўжо потым працаваць".

Акрамя таго, сёлета арганізатары вырашылі зрабіць не проста звычайную выставу ўдзельнікаў праекта, але глабальную: выставіць працы на вуліцах Мінска і Варшавы, каб кожны мог іх пабачыць.

Алена Трафімава: "Мы зробім такую выставу ў публічнай прасторы, у прасторы горада. Цяпер мы шукаем такія месцы ў Мінску і ў Варшаве, дзе б гэтыя працы можна было выставіць. У Мінску хочам прапанаваць гэта кіраўніцтву парка Чалюскінцаў, каб працы былі даступныя для ўсіх".

Прыём заявак на ўдзел у польска-беларускім этна-праекце працягнецца да 16 ліпеня.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі