У Вільні прайшла міжнародная канферэнцыя "Будучыня Беларусі"

26 траўня, субота, другі дзень канферэнцыі.

17.00 У рамках канферэнцыі ў Вільні “Будучае Беларусі” адбылася дыскусія “Структура і будучае незалежных даследаванняў: шлях развіцця праз 20 гадоў”. Доктар навук Аркадзь Мошас з Фінскага інстытута міжнародных адносінаў выказаў меркаванне, што ў ЕС адсутнічае стратэгія ў адносінах з Беларуссю. І цягам бліжэйшых 10 гадоў яна не з’явіцца.

Аркадзь Мошас: “ЕС увогуле не да знешняй палітыкі ў бліжэйшы год: ён будзе заняты ўнутранымі разборкамі і наладжваннем новых балансаў. У найлепшым выпадку пасле выбарах у Нямеччыне ў верасні наступнага года, калі пераможа Меркель і зможа стварыць кааліцыю без сацыял-дэмакратаў, можна будзе пра нешта думаць”.

Эксперт лічыць, што ЕС страчвае цікавасць не толькі да Беларусі, але і да ўсяго рэгіёна, уключаючы Расію, якая ўжо не з’яўляецца стратэгічным партнёрам для Еўропы. Што тычыцца стасункаў Беларусі і Расіі, на думку Аркадзя Мошаса, за 10 гадоў паміж краінамі можа ўзмацніцца дыстанцыя.

Аркадзь Мошас: “Максімум дасягальнага для Беларусі цягам 10 гадоў — нешта блізкае да асацыяцыі з еўрапейцамі, дэ-факта інтэграцыя ў некаторых галінах. Але высока верагодна ўсё тое ж завісанне паміж двума крэсламі. Калі аддаленне ад Расіі будзе фактам, а ненабліжэнне да Еўропы будзе такім жа фактам”.

14.10 Падчас дыскусіі “Беларусь у еўрапейскім кантэксце” у Вільні закранулі візавае пытанне, а таксама супрацоўніцтва ЕС з афіцыйным Мінскам

На думку прадстаўніцы польскага інстытута замежных спраў Ганны Марыі Дынер, ЕС мусіць пашыраць падтрымку беларускіх незалежных СМІ і праваабарончых арганізацый. Але ў той жа час нельга адмаўляцца ад спробаў наладзіць супрацоўніцтва з афіцыйнымі ўладамі краіны.

Ганна Марыя Дынер: “Калі Лукашэнка нам не падабаецца і мы не ўспрымаем яго як прэзідэнта, мусім думаць аб тым, што з пункту гледжання аўтарытарнага рэжыму ён з’яўляцца нашым партнёрам. Мы павінны падумаць аб наладжванні стасункаў з уладамі на палітычным узроўні. ЕС не павінен грэбаваць замежнай палітыкі, асабліва з пункту гледжання развіцця дэмакратыі”.

Таксама Ганна Марыя Дынер звярнула ўвагу на візавае пытанне. Яна мяркуе, што візавая працэдура для беларусаў павінна быць спрошчаная.

Ганна Марыя Дынер: ”Калі я прыязджала ў Мінск, часта заўважала, што людзі засмучаныя сітуацыяй з візамі. Візы з’яўляюцца не толькі неспрыяльнымі, а таксама ў некаторых выпадках і прыніжальнымі”.

Па словах Ганны Марыі Дынер, з павелічэннем крызіса ў еўразоне Еўропа стала страчваць “усходні складнік” сваёй палітыкі. У той жа час Беларусь апынулася ў палітычнай і эканамічнай залежнасці ад Расіі.

Гаворачы пра Еўразійскі саюз, Ганна Марыя Дынер адзначыла, што гэта ўтварэнне “уяўляе праблемы для ЕС”.

13.00 У межах канферэнцыі “Будучыня Беларусі” абмеркавалі беларускую ідэнтычнасць.

Галоўны рэдактар сайту Belarus digest (Лондан), кандыдат юрыдычных навук Яраслаў Крывы выказаў сваё меркаванне наконт таго, як хутка адбудуцца змены ў Беларусі.

Яраслаў Крывы: “Я лічу, што праз 1 год ці 5 гадоў асаблівых зменаў мы не заўважым — гэта будзе вельмі павольны працэс. Але, магчыма, праз 10 гадоў будуць якасныя змены з-за таго, што прыйдзе новая генерацыя”.

Па словах Крывога, першыя 20 гадоў Захад прыглядаўся да Беларусі. Але цяпер надышоў час скончыць знаёмства і пачаць “прагматычную і доўгатэрміновую стратэгію” без расчараванняў і занадта вялікіх спадзяванняў.

***

18.10 На канферэнцыі выступілі эканамісты. Леанід Заіка даў свой прагноз эканамічнай будучыні краіны. На думку эксперта, асноўныя прадпрыемствы Беларусі (якія прынята называць "фамільным срэбрам") распрададуць, а з краіны з'едуць усе, хто можа.

Экс-міністр працы Аляксандр Сасноў у сваім выступе адзначыў, што прыхільнікаў рынкавай эканомікі ў нашай краіне толькі траціна насельніцтва. Згодна з прагнозам эксперта, у бліжэйшыя гады іх колькасць не павялічыцца нават да паловы насельніцтва.

***

Вік пра ўрад у выгнанні: Не лічу гэта бессэнсоўным

Раней нямецкі палітык заяўляў адваротнае.

Выступаючы ў Вільні на канферэнцыі “Будучыня Беларусі”, старшыня аб'яднання "Правы чалавека ў Беларусі" (Берлін) Ганс-Георг Вік закрануў тэму беларускага ўраду ў выгнанні.

Ганс-Георг Вік: “Рада, пра якую ідзе гаворка, не будзе органам, з якога можа будавацца ўрад. Па-другое, можна абмяркоўваць фармаванне альтэрнатыўнага ўраду. Але альтэрнатыўны ўрад, каб гэта мела нейкі сэнс, павінен мець міжнароднае прызнанне. Такое наўрад ці можна дасягнуць у найбліжэйшай будучыні. Бо Еўрапейская камісія і некаторыя іншыя па-ранейшаму спадзяюцца на змены ўнутры краіны”.

Раней СМІ пісалі, што Ганс-Георг Вік лічыць малаверагодным стварэнне беларускага ўраду ў выгнанні. Сам жа Вік кажа, што яго няправільна інтэрпрэтавалі і ён не лічыць гэту ідэю бессэнсоўнай.

Нагадаем, што ідэю стварэння такога ўраду апошнім часам актыўна прапагандуе былы палкоўнік спецназу, а цяпер палітэмігрант Уладзімір Барадач.

***

Вік: "Пры рынку беларусы выраблялі б мільён аўтамабіляў і ўплывалі на суседзяў"

Доктар навук з Нямеччыны агучыў некалькі прапановаў для беларускай грамадзянскай супольнасці.

Падчас канферэнцыі “Будучыня Беларусі” ў Вільні Ганс-Георг Вік з Асацыяцыі “Правы чалавека ў Беларусі” агучыў некалькі прапановаў для грамадзянскай супольнасці краіны.

На яго думку, трэба стварыць унутры і па-за межамі краіны акадэміі грамадзянскай супольнасці. Гэтыя акадэміі мусілі б будаваць інтэлектуальнае разуменне сітуацыі, у якой знаходзіцца краіна, і куды ёй належыць ісці праз 20 гадоў.

Таксама Ганс-Георг Вік звярнуў увагу на неабходнасць рынкавых пераменаў у эканоміцы.

Ганс-Георг Вік: “У 90-я гады Беларусь магла перавесці буйную прамысловаць у рынкавы рэжым, знайсці партнёраў за мяжой. Калі б гэта здарылася, вы б сёння выраблялі мільён аўтамабіляў, жылі ў камфортных умовах, зараблялі сабе на жыццё і аказвалі ўплыў на сваіх суседзяў — ЕС і Расію”.

Вік адзначыў, што на цяперашні час ЕС сур’ёзна ўспрымае грамадзянскую супольнасць Беларусі як партнёра. Раней жа беларускі трэці сектар “пакутаваў” з-за непрызнання з боку Еўропы.

***

Эксперт: На Захадзе значна большае адзінства, чым да снежня 2010 года

Спрэчкі выклікае толькі пытанне санкцый у дачыненні да Беларусі.

Выступаючы на канферэнцыі “Будучыня Беларусі” ў Вільні, прадстаўнік Еўрапейскага савета па міжнародных адносінах Эндру Вільсан распавёў, як змянілася пазіцыя Захаду да Беларусі пасля выбараў 2010 года.

Эндру Вільсан: “На Захадзе нашмат больш адзінства, чым было да снежня 2010 года, калі было рознагалоссе, як сябе паводзіць. Гэта адбылося пасля рэпрэсій пасля апошніх прэзідэнцкіх выбараў, пераследу апазіцыі. І таксама ў сувязі з эканамічнымі праблемамі. Гэта прывяло да адноснага адзінства, хаця не па пытанні санкцый”.

Каментуючы міжнародную палітыку Беларусі, Эндру Вільсан адзначыў, што цяпер афіцыйны Мінск не можа гуляць толькі на голым шантажы.

Нагадаем, канферэнцыя “Будучыня Беларусі” адбываецца ў Вільні 25-26 траўня. Яна прысвячаецца 20-м угодкам незалежных даследаванняў у нашай краіне і заснаванню Незалежнага інстытута сацыяльна-эканамічных і палітычных даследаванняў.

***

15.46 Ганс-Георг Вік кажа, што найперш трэба дапамагчы людзям пазбавіцца савецкага мыслення ў палітыцы, эканоміцы, жыцці. Для гэтага палітык прапануе ствараць так званыя акадэміі грамадзянскай супольнасці — як у Беларусі, так і па-за яе межамі. Ён прапануе збіраць на розныя канферэнцыі, дыскусіі, сімпозіўмы людзей розных напрамкаў дзейнасці. Галоўная мэта такіх сустрэч і навучанняў, кажа Вік, вызваліць людзей ад гэтага савецкага мыслення, прышчапіць ім разуменне дэмакратычных каштоўнасцяў і г.д.

15.23 На канферэнцыі абмяркоўваецца пытанне грамадзянскай супольнасці і яе ролі ў дэмакратызацыі. Першай выступае Вольга Карач, кіраўніца арганізацыі "Наш дом". Па яе словах, зараз спецслужбы і міліцыя засяродзілі сваю ўвагу на лідарах апазіцыі і амаль не звяртаюць увагу на шараговых актывістаў, а гэта дае ім магчымасць для працы з людзьмі. Карач прапануе ў працы актывістаў з людзьмі заахвочваць іх да актыўнага адстойвання сваіх правоў, у працы з міліцыянтамі — тлумачыць ім межы іх паўнамоцтваў. Апазіцыі яна прапануе дапамагчы шукаць новую мадэль паводзінаў.

***

ЗША і Літва працягнуць падтрымку грамадзянскай супольнасці ў Беларусі

Пра гэта гаварылі ў Вільні падчас міжнароднай канферэнцыі "Будучыня Беларусі".

Міжнародная канферэнцыя “Будучыня Беларусі” адкрылася 25 траўня ў Вільні. Яна прысвечана 20-м угодкам незалежных даследаванняў у нашай краіне і заснаванню Незалежнага інстытута сацыяльна-эканамічных і палітычных даследаванняў.

Адкрываючы канферэнцыю, намеснік міністра замежных спраў Літвы Вітаўтас Ляшкявічус выказаў занепакоенасць сітуацыяй з дэмакратыяй і правамі чалавека ў “некаторых суседскіх краінах”.

Вітаўтас Ляшкявічус: “Літва як актыўны сябра дэмакратычнай супольнасці надзвычай рада таму, што ў нас знаходзяцца такія аналітычныя цэнтры, грамадскія арганізацыі, як НІСЭПД. Тое, што яны сканцэнтраваныя ў Вільні, дэманструе шчыльнасць нашага супрацоўніцтва і ўзровень камунікацыі паміж усімі аб’ектамі, што працуюць з Беларуссю”.

Падчас сваёй прамовы Вітаўтас Ляшкявічус згадаў 20-годдзе ЕГУ, які таксама месціцца ў Вільні і падтрымліваецца літоўскай дзяржавай. Чыноўнік спадзяецца, што наступная такая канферэнцыя адбудзецца ў дэмакратычнай Беларусі.

Тым часам Часовы павераны ў справах ЗША ў Беларусі Майкл Скэнлан выказаў надзею, што Беларусь будзе развівацца ў дэмакратычным кірунку, і выказаў падзяку Алегу Манаеву і яго камандзе за працу на працягу апошніх 20 гадоў.

Майкл Скэнлан: “Пражыўшы 3 гады ў Беларусі, я бачу, што ёсць розныя погляды, розныя меркаванні. Але людзі звычайна дзеляцца імі з чальцамі сям’і, сябрамі на кухні. Здольнасць аб’ядноўваць, злучаць гэтыя групы недасягальная для людзей. Але дзякуючы працы доктара Манаева ўдаецца завязваць сувязі, будаваць масты паміж гэтымі адасобленымі групамі”.

Першы намеснік памочніка адміністратара па Еўропе і Еўразіі, Агенцтва ЗША па міжнародным развіцці (USAID) Раберта Махоні адзначыла важнасць незалежных даследаванняў. На яе думку, такія даследаванні ў будучыні дапамогуць уплываць на рашэнні, якія прымаюцца ў дзяржаве.

Раберта Махоні: “Важна, каб Беларусь ішла шляхам пераменаў і рэформаў, якіх хочуць у Беларусі. Такія магчымасці, якія дае гэтая канферэнцыя, дазваляюць развіваць дыялог. Яна дапамагае стварыць новыя шляхі разумення, новыя палітычныя курсы, новыя рэкамендацыі”.

Канферэнцыя працягнецца да 26 траўня. Апроч беларускіх навукоўцаў, грамадскіх актывістаў ў ёй прымаюць удзел і міжнародныя эксперты — агулам каля 100 чалавек.

***

У мерапрыемстве ўдзельнічаюць беларускія навукоўцы, грамадскія актывісты і міжнародныя эксперты — каля 100 чалавек.

Канферэнцыя ў Вільні прысвячаецца 20-м угодкам незалежных даследаванняў у нашай краіне і заснаванню Незалежнага інстытута сацыяльна-эканамічных і палітычных даследаванняў. Яна праводзіцца пры падтрымцы міжнароднай арганізацыі PACT і Агенцтва ЗША па міжнародным развіцці, а таксама віленскага Цэнтра Усходнееўрапейскіх даследванняў і Міністэрства замежных спраў Літвы.

Як паведамляюць арганізатары, удзельнікі "Будучыні Беларусі" паспрабуюць прадставіць "максімальна аб’ектыўны погляд на перспектывы краіны", не абмяжоўваючыся адным толькі пералікам праблем, з якімі яна сутыкаецца.

Сёння чакаюцца выступы міністра замежных спраў Літвы Аўдронюса Ажубаліса, часовага паверанага ў справах ЗША ў Беларусі Майкла Скэнлана, прафесара Алега Манаева ды інш.

Праца канферэнцыі завершыцца ў суботу, 26-га траўня.

***

Раберта Махоні (у цэнтры), першы намеснік памочніка адміністратара па Еўропе і Еўразіі, Агенцтва ЗША па міжнародным развіцці (USAID), слухае вітальнае слова прадстаўніка літоўскага МЗС.

Праграма

 

ПЯТНІЦА, 25 ТРАЎНЯ

 

12.15 – 13.00 Адкрыццё канферэнцыі

 

Вітальнае слова:

 

Аўдронюс Ажубаліс, міністр замежных спраў Літвы

Алег Манаеў, прафесар, заснавальнік НІСЭПД

Раберта Махоні, першы намеснік памочніка адміністратара па Еўропе і Еўразіі, Агенцтва ЗША па міжнародным развіцці (USAID)

Майкл Скэнлан, Часовы павераны ў справах ЗША ў Беларусі

 

 

13.00 – 14.30 Сесія I. Палітычнае развіццё: пра што гаворыць грамадская думка?

 

Вядучы:

 

Майкл Мэрфі, Нацыянальны дэмакратычны інстытут, ЗША.

 

Эксперты:

Сяргей Нікалюк, НІСЭПД

Джэйк Джонс, Міжнародны рэспубліканскі інстытут, ЗША.

Анатоль Лысюк, прафесар, Брэсцкі дзяржаўны ўніверсітэт.

Эндру Уілсан, старшы навуковы супрацоўнік, Еўрапейскі савет па міжнародных адносінах, Вялікабрытанія.

 

15.00 – 16.30 Сесія ІІ. Грамадзянская супольнасць: яе роля ў дэмакратызацыі

 

Вядучы: Алег Манаеў, прафесар, заснавальнік НІСЭПД, Мінск.

 

Эксперты:

 

Вольга Карач, кіраўнік грамадскай арганізацыі “Наш дом”, Віцебск.

Ханс-Георг Вік, доктар навук, Асацыяцыя “Правы чалавека ў Беларусі”, Берлін.

Валерка Булгакаў, галоўны рэдактар часопіса ARCHE, Мінск

Юрый Чавусаў, Асамблея дэмакратычных НДА Беларусі, Мінск 

 

17.00 – 18.30 Сесія III. Эканоміка: крызіс і шляхі выхаду

 

Вядучы: Станіслаў Багданкевіч, прафесар, былы старшыня Нацыянальнага банка Беларусі, Мінск

 

Эксперты:

 

Леанід Заіка, доктар навук, Аналітычны цэнтр “Стратэгія”, Мінск

Аляксандр Сасноў, доктар навук, НІСЭПД, Мінск

Пётр Марцаў, галоўны рэдактар “БДГ-online”, Мінск

Аляксандр Ярашук, старшыня Беларускага кангрэса дэмакратычных прафсаюзаў.

 

 

СУБОТА, 26 ТРАЎНЯ

 

9.30 – 11.00 Сесія IV. Беларуская ідэнтычнасць: нацыянальная, еўрапейская ці постсавецкая?

 

Вядучы:

Юрый Дракахруст, “Радыё Свабода”, Прага

 

Эксперты:

 

Юлія Чарняўская, доктар навук, Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры, Мінск

Рыгор Іофэ, прафесар, Універсітэт Рэдфарда, ЗША.

Андрэй Адамовіч, грамадскі рух “Будзьма”, Мінск

Яраслаў Крывы, доктар навук, інтэрнэт-выданне “Беларусь дайджэст”, Лондан.

 

11.30 – 13.00 Сесія V. Беларусь у еўрапейскім кантэксце.

 

Вядучы: Віціс Юрконіс, Цэнтр усходнееўрапейскіх даследаванняў, Вільня.

 

Эксперты:

Юрый Дракахруст, прафесар, “Радыё Свабода”, Прага

Ганна Марыя Дынер, Польскі інстытут міжнародных спраў, Варшава

Дзяніс Мельянцоў, Беларускі інстытут стратэгічных даследаванняў, Мінск

Аркадзь Мошас, доктар навук, Фінскі інстытут міжнародных адносінаў, Хельсінкі

Альгірдас Дзягуціс, прафесар, НІСЭПД, Вільня.

 

14.15 – 16.00 Сеія VI. Структура і будучае незалежных даследавання: шлях развіцця праз 20 гадоў

 

Вядучы: Алена Карасцялёва, доктар навук, Універсітэт Кента, ЗША

 

Эксперты:

Алег Манаеў, прафесар, НІСЭПД, Мінск

Жана Грынюк, доктар навук, SATIO, Мінск

Ігар Пеліпась, доктар навук, BEROC, Мінск

Валерыя Касцюгава, Агенцтва палітычнай экспертызы, Мінск

Андрэй Вардамацкі, лабараторыя аксіяметрычных даследаванняў NOVAK, Мінск

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі