Вольскі: Кажуць, вы маглі б перанесці выступ “Салідарнасці з палітвязнямі"
Лідар “Крамбамбулі” Лявон Вольскі расказвае Еўрарадыё, ці стаяў на каленях у кабінетах БТ, і куды яго завяла “дурная інфантыльная цікаўнасць”.
Еўрарадыё: Чыё было рашэнне наконт нявыступа Крамбамбулі” на “Камяніцы” — гутра ці арганізатараў?
Лявон Вольскі: Што значыць, “Чыё рашэнне”? Ёсць рашэнне — не ведаю, чыё. З арганізатарамі размаўляла дырэктар гурта, я на сябе не магу браць адказнасць і перадаваць, што канкрэтна ёй сказалі арганізатары. Адно магу сказаць: нашым рашэнне не выступаць не было!
Еўрарадыё: Але ў СМІ з’явіліся каментарыі арганізатараў, з якіх вынікае, што гэта вы адмовіліся ад выступу. Каб прадэманстраваць сваю пазіцыю.
Лявон Вольскі: Я хлусіць не буду нават у імя сяброўскіх стасунках ці нечага такога. Мы рашэння — не выступаць — не прымалі. Дый, абсалютна лагічны і вельмі просты ланцужок: я і два музыкі з “Крамбамбулі” сыгралі на Управе БНФ у знак салідарнасці з палітвязнямі і пасля гэтага нешта здарылася з нашым удзелам у “Камяніцы”. І нам упякаюць, што мы маглі б перанесці выступ на гэтай “Салідарнасці з палітвязнямі”.
Гэтыя ўсе калізіі і нейкія падводныя плыні мяне мала цікавяць у цяперашнім маім узросце і маім стане. Калі ў нас такое мажліва, калі народ гэта прымае, то хай так і цягнецца.
Еўрарадыё: Але ў сваім допісе ў сацыяльных сетках вы сказалі, што такое становішча больш немагчыма трываць! Што гэта азначае для вас асабіста?
Лявон Вольскі: Гэта азначае, што я калісьці хадзіў да Праляскоўскага.
Еўрарадыё: Дык гэта ж было гадоў з пяць таму!
Лявон Вольскі: Не істотна! Мы ўсё жыццё падладжваліся, спрабавалі неяк асэнсаваць нейкія плыні: спачатку за камуністамі, потым — за гэтым рэжымам. Мне здаецца, што час прыспеў, паставіць усе рэчы на месцы. Разумееце, калі можна было ісці на кампраміс, калі твой кліп на “Песні пра каханне” альбо “Госці”, якія ёсць бясспрэчнымі хітамі, пракруцяць па дзяржаўным тэлебачанні, гэта ўбачаць тысячы людзей і... То бок, было за што змагацца і прымаць кампрамісныя рашэнні. Цяпер, калі мы звужаныя да “кватэрнікаў”, я не бачу сэнсу гэтым займацца наогул.
Еўрарадыё: Такое адчуванне, што ў вас настаў “дзень пакаяння”. Але ці ёсць насамрэч вам у чым каяцца? Ну, схадзілі да Праляскоўскага...
Лявон Вольскі: Не тое, каб я так ужо каяўся і попелам галаву пасыпаў. Што да Праляскоўскага, то ішоў да яго з-за дурной дзіцячай цікаўнасці інфантыльнай — зайсці ў “абіцель зла”, што там унутры гэтай адміністрацыі. Мне здавалася, што там расставяць усе кропкі над “і”, скажуць: “Вы забароненыя”, і усё. Але тое, што адбывалася потым, гэтае пацяпленне — можна ж было і не хадзіць, разумееце. Бо просяць прыйсці, калі ім гэта выгадна. А калі не выгадна, то проста забараняюць і — усё! Тыя ж самыя людзі, я ўпэўнены.
Еўрарадыё: Ну, а апроч таго, што такога было ў вашай біяграфіі? Вы што, станавіліся на калені на БТ, каб ваш кліп узялі?
Лявон Вольскі: На калені не станавіліся, безумоўна. Але гэтага ні для чаго не прывяло, як вы бачыце — цяпер забароны яшчэ больш жорсткія, чым тады. Немагчыма сыграць нават у кавярні. Падключаныя органы, спецыяльны чалавек у адміністрацыі адсочвае гэта. Міністэрства культуры таксама адсочвае — каб культура была правільная. Схема ўсім вядомая, як гэта ўсё працуе. І не трэба рабіць выгляд, што гэтага няма — нават вядомае прозвішча!
Еўрарадыё: Ці шмат у вас цяпер канцэртаў у Беларусі?
Лявон Вольскі: Зусім няма! Ёсць ініцыятывы асобных людзей, калі я выступаю проста ў двары іх дома — у звычайны комбік для чалавек 70. А іншых канцэртаў і быць не можа! Пасля Re:Public і прэзентацыі дыска “Крамбамбулі” стала зразумела, што іх не будзе. Няма за што нават змагацца. Звузілі да такой ступені поле гульні, што кампраміс цяпер непрымальны. Сэнсу няма ў кампрамісе проста! Іншая справа — арганізатары фэстаў. Іх можна зразумець — яны жывуць гэтымі фэстамі, гэта іх захапленне. Таму яны ідуць на кампраміс. А ў гэтым годзе ўсе незалежныя фэсты вызначаліся тым, што на іх была перабольшаная колькасць міліцыі. А мы яшчэ ігралі на “Байк-фэсце” ў дзень “Камяніцы”. Мусілі іграць на “Камяніцы” і ехаць на “Байк-фэст”. Там таксама быў такі тэрор так званых праваахоўных органаў, што арганізатары сказалі, хутчэй, гэта апошні раз!
Еўрарадыё: Сітуацыя з выступам “Крамбамбулі” на “Камяніцы” сапсуе вашы сяброўскія адносіны з арганізатарамі гэтага фэсту?
Лявон Вольскі: Арганізатары ні ў чым не вінаватыя. Ім проста неабходна больш карэктна з прэсай працаваць. А так я на арганізатараў не злуюся — калі ўступаюць цёмныя сілы, то любы арганізатар можа... даць трэнд.
Еўрарадыё: Нават пасля таго, як арганізатары абвінавацілі вас, што гэта вы іх падвялі, адмовіўшыся ад выступу ў апошні момант?
Лявон Вольскі: Гэта проста такая аналогія: мы маглі ахвяраваць выступам за палітвязняў. Але, на мой погляд, гэта не абавязкова гарантавала наш удзел у “Камяніцы”. Тым больш, што я атрымліваў прэмію “За свабоду думкі” з рук Мілінкевіча, а гэта ўжо кампрамат поўны! Арганізатары — добрыя хлопцы, для іх правядзенне “Камяніцы” вельмі істотнае для іхняга жыцця. Пакрыўдзіліся, напэўна. Але я лічу, што няма на што крыўдзіцца!
Еўрарадыё: Спачатку вакаліст Midnight Oil пачаў выказваць актыўную грамадзянскую пазіцыю, а потым сам пайшоў у аўстралійскі парламент...
Лявон Вольскі: Я ў дэпутаты не збіраюся! Мне ёсць што сказаць пакуль што так — не з высокай трыбуны Авальнай залы. Для мяне гэта нуднавата ўсё.
Еўрарадыё: То можа, “Крамбамбуля” пачне спяваць вострасацыяльныя і палітычныя песні?
Лявон Вольскі: Думаю, што “Крамбамбуля” не пачне, але ёсць пэўныя планы. Не звязаныя з “Крамбамбуляй” — яна мае свой фармат, навошта яе чапаць. Яе ўжо і так палітызавалі да немажлівасці! Нават смешна.
Каментар арганізатара: Пра “Крамбамбулю” мне “зверху” не званілі
Фота: Змітра Лукашука