Ярмошына: Апазіцыйныя партыі мусяць задумацца пра сваю будучыню
Каб хоць у будучыні мець магчымасць трапіць у склад парламента.
Пяць партыйцаў трапілі ў новаабраную Палату прадстаўнікоў. Гэта прадстаўнікі Аграрнай партыі, Камуністычнай і Рэспубліканскай партыі працы і справядлівасці. Пра гэта падчас прэс-канферэнцыі паведаміў сакратар Цэнтравыбаркама Мікалай Лазавік. Еўрарадыё цікавіцца ў старшыні ЦВК Лідзіі Ярмошынай, чаму ў гэты спіс так і не трапіла ніводная апазіцыйная партыя.
Лідзія Ярмошына: “Цэнтральная камісія не можа рабіць высновы па выніках выбараў на падставе нейкіх меркаванняў: “Чаму так адбылося?” Гэта павінны апазіцыйныя партыі зараз задумацца, падумаць пра будучыню: як яны будуць у далейшым будаваць сваю працу, каб іх прадстаўнікі ўвайшлі ў склад парламента ды іншых мясцовых органаў?”
Па словах жа Лазавіка, пасля парламенцкіх выбараў 2008 года ў выбарчае заканадаўства была ўнесеная безліч зменаў і дапаўненняў. Яны далі больш магчымасцяў палітычным партыям для ўдзелу ў выбарчай кампаніі. Але, кажа Лазавік, кандыдаты ад апазіцыі, мабыць, маюць такі нізкі аўтарытэт сярод выбаршчыкаў, што нават гэтыя змены не дазволілі ім атрымаць перамогу.