Захад гатовы дапамагчы постлукашэнкаўскай Беларусі ўжо цяпер
У тым ліку фінансава, дарадча і інвестыцыйна.
3 кастрычніка ў Варшаве быў абнародаваны даклад “Дэмакратычныя змены ў Беларусі: рамачная праграма дзеянняў”. Галоўнае месца на яго старонках займаюць рэкамендацыі для апазіцыі і грамадзянскай супольнасці Беларусі. Датычаць яны магчымасцяў пераходу нашай краіны да рынкавай эканомікі і дэмакратыі. Даклад прадставілі ў рамках канферэнцыі АБСЕ па правах чалавека, якая ў гэтыя дні праходзіць у сталіцы Польшчы. Яго падрыхтавалі супольна эксперты Цэнтра аналіза еўрапейскай палітыкі і Freedom House.
На сустрэчы выступіў кіраўнік праекта “Дэмакратычныя змены ў Беларусі”, старэйшы аналітык Цэнтра аналіза еўрапейскай палітыкі Пітэр Доран.
Доран: “Мы павінныя працягваць аказваць эканамічны і палітычны ціск на кіраўніцтва Беларусі. Цяпер змены ў Беларусі верагодныя, як ніколі. Захад мусіць паказаць прадстаўнікам беларускай дэмакратычнай супольнасці, што мы салідарныя з імі і гатовыя іх падтрымаць”.
Такога ж меркавання прытрымліваецца і кіраўнік міжнароднай даследчай арганізацыі Freedom House, былы намеснік дзяржсакратара ЗША Дэвід Крэмэр. Па словах амерыканскага праваабаронцы, калі ён не будзе кожны дзень рабіць нешта на карысць дэмакратыі ў Беларусі, ён проста не зможа спакойна спаць.
Крэмэр: “Прымаючы да ўвагі праблемы ў сферы правоў чалавека ў Беларусі, ціск на грамадскіх актывістаў і апазіцыю, мы павінныя адэкватна рэагаваць на гэта, а менавіта, акзваць ціск на рэжым. Акрамя таго, мы вырашылі распрацаваць такі падыход, які б дазволіў аказаць масштабную дапамогу Беларусі ў той дзень, калі Лукашэнка пакіне сваю пасаду ”.
Вялікая частка дакладу “Дэмакратычныя змены ў Беларусі” прысвечана менавіта таму, як ЕС і ЗША будуць узаемадзейнічаць з постлукашэнкаўскай Беларуссю, як не дапусціць прыходу да ўлады ў Мінску новай дыктатуры і як дапамагчы беларускай эканоміцы.
Крэмэр: “Мы маем сродкі, каб фінансава дапамагчы дэмакратычнай Беларусі. Гэта датычыць як эканомікі ўвогуле, так і інвеставання ў канкрэтныя праекты. Думаю, што Еўрасаюз і Злучаныя Штата ўжо зараз гатовыя аказаць такую дапамогу”.
На сустрэчы, прысвечанай Беларусі, прысутнічаў беларускі праваабаронца, юрыст руху “За Свабоду” Андрэй Сушко. Па словах Андрэя, ён задаволены ходам і вынікамі сустрэчы.
Сушко: “Я вельмі цешуся, што сёння прыйшло так шмат людзей. Некалькі год таму на сустрэчы, прысвечаныя Беларусі, прыходзіла 5-6 чалавек. Цяпер жа ж была поўная зала. Як толькі на канферэнцыю АБСЕ ў Варшаву прыехала амерыканская дэлегацыя, яна запэўніла нас, што сітуацыя ў Беларусі для іх – найгалоўнейшы пункт. Цяпер я бачу, што насамрэч гэта так і ёсць”.
Як падкрэсліў у сваім выступленні Дэвід Крэмэр, знайсці ў Беларусі адзінага апазіцыйнага лідэра, аб’яднаць беларускую апазіцыю – не самае важнае. Галоўнае - мець агульную мэту для такога аб’яднання.
Даклад “Дэмакратычныя змены ў Беларусі” неўзабаве будзе прадстаўлены ў Брусэлі.