Reuters: Каб выжыць, футбалісты ва Усходняй Еўропе ідуць на дамоўныя матчы

У інтэрв’ю Reuters член праўлення Міжнароднай федэрацыі асацыяцый прафесійных футбалістаў (FIFPro) Дэян Стэфанавіч распавёў пра непрыемную сітуацыю, у якой апынуліся гульцы з некаторых краін Усходняй Еўропы. Футбалісты змагаюцца за тое, каб атрымоўваць заробак своечасова, што робіць іх неабароненымі перад прапановамі арганізатараў дагаварных матчаў.

Дэян Стэфанавіч: “Часам своечасовую аплату футбалісты атрымоўваюць толькі ад арганізатараў дамоўных матчаў. Я чуў, што футбалісты, якія знаходзіліся ў адчаі, самі тэлефанавалі арганізатарам такіх гульняў са сваімі прапановамі”.

Паводле словаў Дэяна Стэфанавіча, у Харватыі, Славакіі, Славеніі і Чэхіі футбалістаў прымушаюць самім несці адказнасць за сацыяльнае забеспячэнне і аплату падаткаў.

Дэян Стэфанавіч: “Гэта проста неверагодна, што гулец мусіць плаціць гэтыя падаткі, сацыяльныя і пенсійныя ўзносы, нават калі клуб не плаціць яму заробак”.

Згодна з дакладам FIFPro, толькі 5 з 12 клубаў вышэйшага харвацкага футбольнага дывізіёна разлічваюцца са сваімі гульцамі своечасова. Вынікі даследавання, праведзенага Саюзам харвацкіх гульцоў, паказваюць, што 83% футбалістаў пагадзіліся б на меншую аплату, каб ім прапанавалі кантракты з усімі гарантыямі.

Дэян Стэфанавіч раіць маладым футбалістам шукаць іншую прафесію.

Дэян Стэфанавіч: “Чаму яны гэтага не робяць? Кожны хоча здзейсніць дзіцячую мару, якая падобная да латарэі. Яны мараць гуляць у Лізе чэмпіёнаў, за зборную. Але ў многіх мары не ажыццяўляюцца, і яны вымушаны збіраць ураджай на полі, каб выжыць”.

Еўрарадыё прыгадвае цікавы выпадак, калі разбіваліся мары аб прафесійнай кар’еры і ў беларускім футболе. Хай сабе і ідзе гаворка пра легіянера — нігерыйца Франка Нера Чыноніе Абанзуквэ, які прыехаў на прагляд у салігорскі “Шахцёр”. Атрымаўшы адмову, афрыканец не разгубіўся і пайшоў у мясцовае Будаўнічае ўпраўленне-149. Там ён працаваў з рыдлёўкай, падаваў раствор, перамешваў пясок.

Гэта было ў 2008 годзе, але цяпер беларускія футбольныя клубы не пазбавіліся ад фінансавых праблем. Напрыклад, сёлета ўжо паступалі сігналы аб затрымках і нявыплатах заробкаў у “Дняпро”, “Белшыне”, “Тарпеда-БелАЗ”, “Дынама” (Брэст) і ў “Нафтане”.

Фота: just-football.com

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі