Reuters высветліў, хто, як і чым забрудзіў нафту ў "Дружбе"
Агенцтва Reuters апублікавала сваё расследаванне па "бруднай" нафце ў нафтаправодзе "Дружба". Гэты трансгранічны скандал закрануў сёлета некалькі дзяржаваў.
Нагадаем, напрыканцы красавіка стала вядома, што з Расіі па трубаправодзе "Дружба" ідзе забруджаная нафта. У выніку на пэўны час ад паставак расійскай нафты адмовіліся Польшча, Германія, Славакія, Украіна. Пра паломкі дарагога абсталявання на нафтаперапрацоўчых заводах заявіла Беларусь.
Вынікі трох незалежных тэстаў "бруднай" нафты паказалі, што на 85% забруджванне складаецца з тэтрахларыду вугляроду, перадае Reuters. Акрамя таго, чатыры расейскія нафтатрэйдары з Самарскай вобласці і Татарстана (дзе, па сцвярджэнні "Транснафты", адбылося забруджванне "Дружбы") прызналі, што рэгулярна разводзілі якасную нафту тэтрахларыдам вугляроду.
Reuters звяртае ўвагу на тры моманты.
Першы: нафтаздабыўныя кампаніі не маюць ніякага дачынення да забруджвання "Дружбы".
Тэтрахларыд вугляроду — надзвычай таксічнае рэчыва, якое ніяк не выкарыстоўваецца пры здабычы нафты ці яе транспартаванні. Згодна з Манрэальскім пратаколам 1989 года, ратыфікаваным усімі краінамі, вытворчасць і ўтылізацыя тэтрахларыду вугляроду падлягае кантролю з боку Сакратарыяту Праграмы ААН па навакольным асяроддзі.
Як адзначае business-gazeta.ru, пры траплянні тэтрахларыду вугляроду на гарачыя паверхні ўтвараецца атрутны газ фасген. Гэтае рэчыва выкарыстоўвалася як хімічная зброя падчас Першай Сусветнай вайны.
Другі: тэтрахларыд вуглярод злівалі ў "Дружбу" сістэмна. Выпадкова (па халатнасці) трапіць у трубу "атрутнае рэчыва" не магло. Адзіны спосаб — крымінальны.
Трэці: рэгулярна такія дзеянні не маглі адбывацца без удзелу менеджараў "Транснафты". Прынамсі, на ўзроўні сярэдняга звяна гэтай кампаніі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.