Рома Кагадоўскі, які выратаваў брата на пажары, перанёс 23 аперацыі
У палаце Ромы / Міністэрства аховы здароўя
12-гадовы Рома Кагадоўскі, які выратаваў з палаючага дома свайго брата Ваню, ужо пяты месяц знаходзіцца на лячэнні ў Рэспубліканскім апёкавым цэнтры БХМД. За гэты час хлопчык перанёс 23 аперацыі, паведамляе Міністэрства аховы здароўя.
У пятніцу прайшоў чарговы медычны кансіліум з удзелам міністра аховы здароўя Дзмітрыя Піневіча, а таксама найлепшых спецыялістаў розных профіляў.
Дактары вырашылі пачаць курс ранняй рэабілітацыі. Рому чакаюць тыдні трэніровак — яму зноўку трэба навучыцца сядзець, хадзіць, трымаць у руках прадметы, размаўляць і пісаць.
Як паведамляла "Еўрарадыё", здарэнне адбылося 28 красавіка ў вёсцы Сідаравічы Мядзельскага раёна.
Калі ў доме пачаўся пажар, Раман спачатку спрабаваў яго патушыць, а потым схапіў малодшага брата, вынес яго на вуліцу, перадаў дарослым і страціў прытомнасць.
З апёкамі і парэзамі яго забралі ў раённую бальніцу, а потым на верталёце перавезлі ў апёкавы цэнтр.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.